Пятница, 13 июня 2025

Пракуратура абараняе правы працаўнікоў

198

Адным з важных накірункаў дзейнасці пракуратуры раёна з’яўляецца нагляд за выкананнем працоўных правоў грамадзян. У асноўным такая работа ажыццяўляецца пракурорскімі прадстаўнікамі па лініі агульнага нагляду за выкананнем заканадаўства, а таксама пры разглядзе судамі адпаведнных спраў і вынясенні судовых рашэнняў.

Згодна з ч.1 арт. 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, грамадзянам нашай краіны гарантуецца права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць, права на выбар прафесіі, віды заняткаў у адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх запатрабаванняў, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы.

Лічу неабходным адзначыць, што такім чынам вызначаецца яшчэ і абавязак з боку дзяржавы аказаць дапамогу грамадзяніну ў гэтым выбары, даць гарантыі абароны яго працоўных правоў у выпадку іх парушэння, у тым ліку і судовай абароны.

Калі суд палічыць немагчымым ці немэтазгодным аднаўленне работніка па прычынах, не звязаных са здзяйсненнем супрацьпраўных дзеянняў, ён мае права прапанаваць і са згоды працаўніка ўскласці на наймальніка абавязак выплаціць звольненаму кампенсацыю ў памеры дзесяціразовага сярэднямесячнага заробку. Больш таго, суд можа адмовіць у аднаўленні на былым месцы, у выплаце пакрыцця ў памеры дзесяціразовага сярэднямесячнага заробку ў выпадку немагчымасці ці немэтазгоднасці такіх дзеянняў.

11 лістапада бягучага года з удзелам пракурора раёна раённым судом была разгледжана іскавая заява грамадзяніна К. у дачыненні да аднаго з філіялаў пружанскіх прадпрыемстваў адносна аднаўлення на працы, спагнання сярэдняга заробку за час вымушанага прагулу і кампенсацыі маральнай шкоды.

Падчас судовага пасяджэння ўстаноўлены факт парушэння парадку звальнення работніка, з улікам чаго судом звальненне К. прызнана незаконным і са згоды істца спагнана з філіяла пакрыццё ў памеры дзесяціразовага сярэднямесячнага заробку, а таксама кампенсацыя маральнай шкоды.

Рашэнне пакуль не ўступіла ў законную сілу.

Лілія Буйніч, памочнік пракурора