Вторник, 18 февраля 2025

Практычныя аспекты ўкаранення канцэпцыі «Vision Zero» абмеркавалі на семінары ў электрасетках

337

У філіяле «Пружанскія электрычныя сеткі» РУП «Брэстэнерга» прайшоў семінар, на якім абмяркоўваліся практычныя аспекты ўкаранення канцэпцыі «нулявога траўматызму» («Vision Zero»).

У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук, начальнік Бярозаўскага міжраённага аддзела Брэсцкага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Ірына Рудзь, работнікі філіяла «Пружанскія электрасеткі», прадстаўнікі райвыканкама і АДАІ Пружанскага РАУС, спецыялісты па ахове працы гарадскіх арганізацый, старшыні першасных прафсаюзных арганізацый і прадстаўнік упраўлення па сельскай гаспадарцы.

Выступае Аляксандр Богдан.

Галоўны інжынер філіяла «Пружанскія электрасеткі» Аляксандр Богдан распавёў, што каля года таму на прадпрыемстве ў якасці эксперымента была ўкаранёна канцэпцыя «нулявога траўматызму», якая дазволіла больш рэзультатыўна падысці да пытанняў аховы працы. На аснове правілаў гэтай канцэпцыі ў арганізацыі былі распрацаваны плакаты і памяткі, якія візуальна нагадваюць кіраўніцтву і работнікам аб прыярытэце бяспечнай працы і неабходнасці штодзённага кантролю, павышэння кваліфікацыі і стымулявання матывацыі.

— За гэты час адназначна палепшыліся вытворча-бытавыя ўмовы, больш камфортным стаў працоўны працэс. Актыўныя работнікі аказаліся ўцягнутыя ў рэалізацыю гэтай канцэпцыі, ім стала цікавей працаваць, яны змаглі адчуць сваю значнасць. Бо гэта ўсё яны робяць для сябе, паляпшаюць свае працоўныя месцы, якія становяцца прыгожымі, чыстымі і, самае галоўнае, бяспечнымі, — адзначыў Аляксандр Богдан.

Для эфектыўнага кантролю за выкананнем правіл аховы працы на прадпрыемствах працуюць грамадскія інспектары па ахове працы, гэтыя функцыі ўскладаюцца непасрэдна на работнікаў. Бо спецыяліст па ахове працы, асабліва ў вялікай арганізацыі, не заўсёды можа маментальна зрэагаваць на сітуацыю. У філіяле «Пружанскія электрасеткі» працуе 13 такіх інспектараў.

— Ахова працы непарыўна звязана з дзейнасцю прафсаюза, — лічыць Таццяна Гаманчук. — Права, а дзесьці нават і абавязак прафсаюза — ажыццяўляць грамадскі кантроль за пытаннямі аховы працы. Гэта праверкі і маніторынгі, удзел у рабоце калегіяльных органаў. Зразумела, што быць грамадскім інспектарам па ахове працы — гэта дадатковая нагрузка на чалавека, які адначасова выконвае свае непасрэдныя службовыя абавязкі. Таму з боку прафсаюза былі прыняты дадатковыя меры па маральным і матэрыяльным стымуляванні працаўнікоў з дадатковай грамадскай нагрузкай.

Асобная ўвага на семінары была ўдзелена патрабаванням бяспекі эксплуатацыі транспарту на вытворчасці, аб якіх расказаў інспектар АДАІ Пружанскага РАУС Сяргей Казмярчук. Для таго, каб выключыць няшчасныя выпадкі і ДТЗ у працэсе вытворчасці, неабходна больш патрабавальна ставіцца да захавання правілаў кіравання транспартам і выканання работнікамі сваіх абавязкаў.

За гэты перыяд канцэпцыя Vision Zero эфектыўна паказала сябе ў дзеянні. Работнікі філіяла «Пружанскія электрычныя сеткі» аказаліся ўцягнутыя ў працэс арганізацыі аховы працы, у перспектыве — абнаўленне цэхаў і абсталявання, на некаторых з іх на сённяшні дзень ужо быў праведзены рамонт, што дазволіла зрабіць працу работнікаў больш камфортнай. Таму, можна сказаць, што ўкараненне гэтай канцэпцыі ў арганізацыях горада і раёна дасць магчымасць узмацніць зацікаўленасць работнікаў у бяспечнай працы, развіць культуру высокага ўзроўню бяспекі на працоўных месцах і стварыць спрыяльнае псіхалагічнае становішча.

Вольга Вадзяновіч. Фота аўтара