Турнір па міні-футболе памяці Івана Сяргеевіча Казарэза прайшоў у спартыўнай зале аграрна-тэхнічнага каледжа.
Мерапрыемства адкрыла салістка ўзорнай студыі «Меладзін» гарадскога Палаца культуры Ганна Кавальчук. Яе вясёлая песенька задала добры настрой на далейшае спаборніцтва.
У сваім прывітальным слове старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец адзначыў, што нездарма турнір па міні-футболе прысвечаны памяці Івана Казарэза. Гэты чалавек па-сапраўднаму любіў Пружаншчыну, сваю зямлю. «Мне пашанцавала доўгія гады працаваць пад кіраўніцтвам цудоўнага чалавека на пасадзе начальніка аддзела адукацыі, – сказаў Мікалай Пятровіч. – У той час Іван Сяргеевіч займаў пасаду намесніка старшыні райвыканкама. Гэта быў мудры кіраўнік, які ўмеў чуць і слухаць, заўсёды прымаў правільныя рашэнні. Ён меў зносіны з рознымі слаямі насельніцтва, нягледзячы на ўзрост, умеў выслухаць, даць параду, дапамагчы. На жаль, вельмі рана Іван Сяргеевіч пайшоў з жыцця, яму было крыху больш за пяцьдзясят гадоў. Зусім хутка, калі б быў з намі гэты цудоўны чалавек, мы б адзначылі яго сямідзесяцігоддзе. Памяць пра выдатнага сына нашай зямлі застанецца назаўсёды».
Мікалай Кудравец даў дазвол на адкрыццё турніру. Пасля выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь слова ўзяла ўдава Івана Сяргеевіча Казарэза Ларыса Георгіеўна. Яна выказала задавальненне быць на гэтым турніры, якому споўнілася ужо больш за дваццаць гадоў. Два гады з-за эпідэміялагічнай абстаноўкі ён не праводзіўся, але, нарэшце, аднавіўся. Менавіта Іван Сяргеевіч упершыню арганізаваў міжнародныя спаборніцтвы па міні-футболе паміж пружанскімі футбалістамі і камандамі Польшчы. Тады былі даволі добразычлівыя адносіны паміж нашымі краінамі. На жаль, зараз гэта не так. Але турнір застаецца. «І я, і мая сям’я вельмі рады, што захавалася гэтая традыцыя – у пачатку зімы праводзіць сустрэчы розных каманд па міні-футболе», – сказала Ларыса Георгіеўна і пажадала ўсім прысутным перамогі і моцнага здароўя.
Пасля невялікай размінкі пачаліся гульні. Па іх завяршэнні месцы размеркаваліся наступным чынам: на пятым месцы – каманда Камянецкага раёна, на другім – з Івацэвіч, трэцяе месца – за камандай «Савушкін прадукт» г. Бяроза, другое – за камандай з г.п. Ружаны і першае – за камандай з г. Пружаны.
Віншуем пераможцаў! Чакаем наступнага турніру.
Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара