Понедельник, 28 апреля 2025

Забеспячэнні бяспечнага жыцця і працоўнай дзейнасці насельніцтва раёна

353

Як мы анансавалі ў мінулым нумары газеты, асноўнае пытанне, якое было вынесена на разгляд 47 сесіі Пружанскага раённага Савета дэпутатаў, тычылася эфектыўнасці работы зацікаўленых служб выканаўчых і распарадчых органаў Пружанскага раёна па забеспячэнні бяспечнага жыцця і працоўнай дзейнасці насельніцтва раёна.

З дакладамі выступілі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Віталій Матвіенка і начальнік РАНС МНС Рэспублікі Беларусь Павел Талстой. Публікуем тэзісы з даклада Віталія Матвіенкі.

У першым паўгоддзі 2023 года на рэалізацыю мерапрыемстваў па паляпшэнні ўмоў працы на рабочых месцах са шкоднымі ці небяспечнымі ўмовамі працы выдаткавана 67,2 тысячы рублёў, пры плане ў 47,1 тысячы. Цалкам на мерапрыемствы па ахове працы наймальнікамі раёна ў першым паўгоддзі 2023 года выдаткавана 2106 тысяч рублёў.

У студзені — жніўні гэтага года мабільнай групай праведзена абследаванне 74 арганізацый, у іх ліку 31 — аграпрамысловага комплексу, 10 — будаўнічай і 33 — іншых галін дзейнасці. Кіраўнікам выдадзены рэкамендацыі на ўхіленне 790 парушэнняў патрабаванняў заканадаўства аб ахове працы, у тым ліку ў сельскагаспадарчых арганізацыях — 365 парушэнняў, будаўнічых — 88, іншых — 337.

Па аператыўнай інфармацыі ў вышэйназваны перыяд гэтага года ў параўнанні з такім жа перыядам года мінулага ўзровень вытворчага траўматызму зніжаны з трох выпадкаў да аднаго. Але рост няшчасных выпадкаў на вытворчасці быў дапушчаны з нуля (2022 год) да аднаго (2023). Аналіз абставін і прычын няшчасных выпадкаў, якія рэгіструюцца штогод, паказвае, што большая частка іх адбываецца па асабістай неасцярожнасці пацярпелых, з-за невыканання імі патрабаванняў лакальных нарматыўных прававых актаў і г.д. Віна наймальнікаў і спецыялістаў устанаўліваецца не больш чым у 1-2 выпадках вытворчага траўматызму.

Забеспячэнне бяспекі пры эксплуатацыі транспарту пачынаецца з перадрэйсавага кантролю стану вадзіцеляў. Гэтая работа праводзіцца ва ўсіх арганізацыях раёна. Выпускі транспартных сродкаў з парушэннем патрабаванняў бяспекі былі выяўлены ў ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс», ААТ «Агра-Калядзічы», філіяле «Аграэнерга Зеляневічы», ААТ «Пружанскае».

Вялікая работа па прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму з запрашэннем супрацоўнікаў АДАІ праводзіцца ва ўстановах адукацыі. Як газета, так і электронныя сродкі масавай інфармацыі паведамляюць пра гэтыя мерапрыемствы даволі падрабязна.

За 8 месяцаў бягучага года на тэрыторыі Пружанскага раёна зарэгістравана 7 дарожна-транспартных здарэнняў, у выніку якіх 10 чалавек атрымалі раненні. Па віне нецвярозых вадзіцеляў зарэгістравана 1 ДТЗ, у выніку якога быў траўміраваны такі ж нецвярозы вадзіцель. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года колькасць ДТЗ зменшылася на 1, з загінулымі — на 2. На столькі ж павялічылася колькасць параненых. ДТЗ з удзелам вадзіцеляў, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, паменшылася на 2 выпадкі.

Даволі значная работа супрацоўнікамі АДАІ праводзіцца па прафілактыцы дарожна-транспартных здарэнняў, папярэджванні няшчасных выпадкаў.

З мэтай забеспячэння бяспечных умоў адпачынку і купання грамадзян райвыканкамам прынята рашэнне ад 20.03.2023 года № 567 «Аб мерах па папярэджванні гібелі людзей на водах», якім вызначана 10 зон масавага адпачынку на вадзе. Усе замацаваны за арганізацыямі раёна, якія праводзяць мерапрыемствы па добраўпарадкаванні гэтых зон. У красавіку 2023 года дно акваторыі пляжаў абследавана вадалазамі Кобрынскай выратавальнай станцыі з выдачай адпаведных даведак. Кожны пляж мае тэхнічны пашпарт. На 8 пунктах адпачынку суб’ектамі гаспадарання арганізаваны ведамасныя выратавальныя пасты. У ходзе рэйдавых мерапрыемстваў праводзілася адпаведная прафілактычная работа з адпачываючымі па правілах паводзін і мерах бяспекі падчас адпачынку ля вады. За купанне ў забароненых месцах прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці 7 грамадзян, 30 адпачываючых — за распіццё спіртных напояў і знаходжанне ў зонах адпачынку ў нецвярозым стане.

Даволі значная работа па папярэджанні няшчасных выпадкаў на вадзе праводзіцца сярод непаўналетніх.

Як бачна, работа ў раёне праводзіцца немалая. Як кажуць, калі ты на працу пайшоў здаровым, то такім павінен і вярнуцца. Аб гэтым трэба паклапаціцца не толькі службовым асобам, але і самім грамадзянам.

Віктар Ільюшчанка