Четверг, 17 апреля 2025

Прафсаюзы падвялі вынікі 2022-га, узнагародзілі лепшых і абазначылі арыенціры на год бягучы (+многа фота)

454

На мінулым тыдні прайшло пасяджэнне савета Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, на якім падвялі вынікі работы ў 2022 і абазначылі арыенціры на 2023 год.

У рабоце савета прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, старшыня абкама прафсаюза работнікаў гандлю, спажыўкааперацыі і прадпрымальніцтва Уладзімір Тарасевіч.

У сваім дакладзе старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук паведаміла аб колькасці пярвічак, стварэнне якіх на прадпрыемствах усіх формаў уласнасці з’яўляецца адным з прыярытэтных накірункаў у рабоце раённага аб’яднання. Найбольш плённым для гэтага стаў 2020 год, калі было створана 12 пярвічак, з іх дзевяць — у недзяржаўным сектары эканомікі. У 2021 і 2022 гадах адпаведна з‘явілася пяць і дзве новых пярвічных арганізацый. І работа ў гэтым накірунку працягваецца.

Таццяна Юрьеўна расказала пра ролю прафсаюзаў у палітычным жыцці краіны, абароне правоў працуючых грамадзян.

Даволі значная дзейнасць прафсаюзаў накіравана на выяўленне парушэнняў заканадаўства аб працы, ажыццяўленне кантролю за вырашэннем пытанняў аховы працы. Не абмінула дакладчык і супрацоўніцтва прафсаюзаў з пракуратурай, правядзенне разам прававых прыёмаў.

У мінулым годзе працягвалася ажыццяўленне маніторынгу цэн на харчовыя і прамысловыя тавары.

Дзейнасць прафесійных саюзаў накіравана і на захаванне гістарычнай памяці народа. З гэтай мэтай праводзілі шматлікія мерапрыемствы, квэсты, круглыя сталы і інш.

Таксама адным з прыярытэтных накірункаў дзейнасці прафсаюзаў з’яўляецца работа з моладдзю, уцягненне маладых людзей у актыўную грамадскую дзейнасць, прыняцце неабходных мер па замацаванні на пярвічных працоўных месцах. Але тут яшчэ вельмі многае трэба зрабіць.

2023 год таксама павінен быць насычаным на розныя акцыі і мерапрыемствы, тым больш, што прысвечаны ён міру і стварэнню. Таксама гэты год юбілейны для нашай малой радзімы: усе разам будзем святкаваць 590-годдзе Пружан. Прафсаюзы таксама будуць рыхтавацца да гэтага свята.

Былі выказаны словы ўдзячнасці ўсім актывістам пярвічак і членам прафсаюзаў, асабіста кіраўніцтву раёна, раённаму Савету дэпутатаў, грамадскім аб’яднанням за арганізацыю сумеснай работы, падтрымку прафсаюзнага руху, ідэй і ініцыятыў.

Затым Таццяна Гаманчук узнагародзіла лепшыя пярвічныя прафсаюзныя арганізазацыі раёна. Дыпломам першай ступені была ўзнагароджана пярвічная прафсаюзная арганізацыя Пружанскага КУВП «Камунальнік» (старшыня Людміла Мазюк), другой — пярвічная прафсаюзная арганізацыя УАЗ «Пружанская ЦРБ» (старшыня Ірына Шэйко) і трэцяй ступені — пярвічная прафсаюзная арганізацыя ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» (старшыня Наталля Мартынчук).

Вынікі падведзены, арыенціры вызначаны, пераможцы ўзнагароджаны. Будзем далей працаваць на дабрабыт роднай Беларусі.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбом з мерапрыемства: https://ok.ru/budni/album/957111683208