Традыцыйна напрыканцы кожнага месяца прафсаюзы арганізоўваюць прававы прыём грамадзян, у якім прымаюць удзел і работнікі пракуратуры. Адбыўся такі і на мінулым тыдні.
На гэты раз пляцоўкай, на базе якой праводзіўся прыём, сталі ААТ «Рамбуд» і Пружанскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў.
Выслухоўвалі грамадзян і давалі ім тлумачэнні пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі, галоўны прававы інспектар працы абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловых матэрыялаў Вольга Кавалёк і старшыня Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук.
Таццяна Юр‘еўна расказала пра тое, што хвалявала людзей:
— Падчас прававога прыёму да нас звярнулася пяць чалавек. Людзей цікавіли тэмы заключэння кантрактаў і калектыўных дагавораў, прымянення мер дысцыплінарнага спагнання, звальнення па стане здароўя, а таксама пенсіённага заканадаўства. Актыўна абмяркоўвалі і пытанні змяненняў, унесеных у заканадаўства аб працы Рэспублікі Беларусь, якія ўступяць у сілу з 1 студзеня 2024 года. Таксама ў рамках правядзення прававога прыёму была арганізавана работа па прававой асвеце членаў прафсаюза.
Па словах прафсаюзнага лідара, наступны прававы прыём грамадзян плануецца правесці 21 снежня. Ён пройдзе на базе ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў».
Уладзіслаў Шпарла. Фота Таццяны Гаманчук