Прафсаюзныя актывісты з усёй краіны ў мінулыя выхадныя далучыліся да рэспубліканскай акцыі «Дай лесу новае жыццё!». Ва ўсіх рэгіёнах краіны яны высаджвалі малады лес. Не засталіся ўбаку і прафсаюзы першага рэгіёна. У мінулую суботу прафдэсант Брэстчыны накіраваўся ў Пружанскі раён.
Як расказалі ў Брэсцкім абласным аб’яднанні прафсаюзаў, удзел у акцыі прынялі прадстаўнікі галіновых прафсаюзаў розных сфер — больш за 60 чалавек. Гэта кіраўнікі і супрацоўнікі апаратаў абласнога аб’яднання і абласных арганізацый галіновых прафсаюзаў.

Ім трэба было высадзіць 25 тысяч саджанцаў сасны і бярозы на плошчы 4,2 гектара, і з гэтай задачай яны паспяхова справіліся. Усё для таго, каб дапамагчы ў аднаўленні ляснога фонду пасля праходжання летняга ўрагану. Нагадаем, што старт акцыі, якая працягваецца па 12 лістапада, даў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Падтрымаць добрую ініцыятыву вырашыла і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.
— Справіцца з пасадачнымі і лесааднаўленчымі работамі самастойна супрацоўнікам лясной галіны не па сілах. Таму наша добраахвотная праца ў лесе — адзін з высакародных заняткаў. Такім чынам мы не на словах, а на справе выказваем любоў да Радзімы. На пружанскую зямлю прыбылі, каб даць жыццё новаму лесу. Менавіта так, талакой, дапамагаем захаваць наша зялёнае багацце, — адзначыў намеснік старшыні Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Раман Чуль.
Уладзіслаў Шпарла
Фота Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў
