Таццяна Гаманчук, старшыня Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў:
— Змяненні і дапаўненні Канстытуцыі па-ранейшаму застаюцца адной з самых абмяркоўваемых ў грамадстве тэм. Раённае аб’яднанне прафсаюзаў таксама актыўна ўключылася ў гэты працэс. З пачатку студзеня мы арганізоўваем сустрэчы ў працоўных калектывах. Падчас іх я, а таксама запрошаныя спецыялісты, у прыватнасці, намеснік пракурора Ірына Жыгалка, знаёмім работнікаў з гісторыяй з’яўлення Канстытуцыі, тымі зменамі, якія былі ўнесены ў яе падчас мінулых рэферэндумаў, і ключавымі навацыямі праекта. За няпоўныя два месяцы правялі сустрэчы ў сельгасарганізацыях – райаграсэрвісе і ААТ «Мурава», на прадпрыемствах – у раённым камбінаце бытавога абслугоўвання, філіялах райспажыўтаварыства «Белавежскія віны» і «Камбінат кааператыўнай прамысловасці», а таксама ў ваенкамаце, інспекцыі па падатках і зборах, аддзяленні «Белаграпрамбанка», цэнтры па забеспячэнні бюджэтных арганізацый, СШ №1 імя ЧБВА і інш. Варта адзначыць, што сустрэчы прайшлі і ў арганізацыях прыватнай формы ўласнасці, напрыклад, ТАА «Нятканы свет» і «Экалагічныя матэрыялы».
Па выніках сустрэч хочацца адзначыць, што многія людзі падтрымліваюць нязменнасць курсу нашай дзяржавы на захаванне галоўных маральных і хрысціянскіх каштоўнасцей як непарушных асноў нацыі. Нашы грамадзяне цалкам згодныя з артыкулам 32, дзе гаворыцца, што шлюб — гэта саюз жанчыны і мужчыны. Немалаважным дадаткам артыкула з’яўляецца і тое, што бацькі не проста павінны клапаціцца пра выхаванне дзяцей, але і рыхтаваць іх да грамадска карыснай працы, прывіваць культуру, павагу да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцый Беларусі.
Вялікую цікавасць выклікалі артыкул 45, які абавязвае людзей прымаць меры па захаванні і ўмацаванні ўласнага здароўя, і артыкул 80 аб павышэнні ўзросту патэнцыяльных кандыдатаў у Прэзідэнты. Задавалі пытанні наконт артыкула 28, дзе замацавана палажэнне пра абарону дзяржавай персанальных дадзеных грамадзян.
Прафсаюзы Беларусі лічаць, што змены ў Асноўны Закон адпавядаюць рэаліям часу, таму на V Пленуме Савета ФПБ, які прайшоў у сталіцы, удзельнікі і запрошаныя, а гэта больш за 400 чалавек з усёй краіны, аднагалосна прынялі дэкларацыю аб падтрымцы рэферэндуму.
Незалежнасць і суверэнітэт, гістарычная памяць, духоўныя і культурныя каштоўнасці, сацыяльна-арыентаваная эканоміка, бясплатная медыцына і адукацыя — гэтыя паняцці сёння патрабуюць абароны. Таму дэкларацыя — своеасаблівая адкрытая заява пра тое, што прадстаўнікі грамадскасці будуць актыўна ўдзельнічаць у арганізацыі і правядзенні рэферэндуму, у аб’ектыўным назіранні за ходам галасавання.
Ларыса Гушча, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Пружанскага райспажыўтаварыства:
— Прапанаваная рэдакцыя абноўленай Канстытуцыі — гэта старт у будучыню. Найбольш важным, на маю думку, з’яўляецца захаванне і замацаванне ў Асноўным Законе суверэнітэту краіны, а таксама права на бясплатнае медабслугоўванне.
Лічу, што кожны беларус абавязаны прыйсці на рэферэндум і аддаць голас за будучыню сваю і сваіх дзяцей.
Людміла Мазюк, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Пружанскага КУВП «Камунальнік»:
— Шырокае абмеркаванне праекта Асноўнага Закона пацвярджае неабыякавасць беларусаў да будучыні сваёй краіны. У абноўленай Канстытуцыі Беларусь застаецца сацыяльна-арыентаванай дзяржавай, дзе ў прыярытэце чалавек, захаванне яго здароўя, забеспячэнне годнага ўзроўню жыцця, падтрымка дзяцей і моладзі, клопат пра пажылых людзей і інвалідаў, выхаванне патрыятызму, захаванне гістарычнай памяці пра гераічнае мінулае нашага народа.
Сярод новаўвядзенняў прыцягвае ўвагу наданне Усебеларускаму народнаму сходу статусу галоўнага інстытута народаўладдзя, стварэнне калектыўных механізмаў прыняцця рашэнняў, узмацненне паўнамоцтваў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў.
Я абавязкова прагаласую за абноўленую Канстытуцыю, кіруючыся якой, мы будзем упэўнена рухацца наперад.
Дзмітрый Чайкоўскі, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК:
— Прыняцце новай Канстытуцыі дазволіць нам і далей заставацца сацыяльна-арыентаванай дзяржавай, якая клапоціцца пра моладзь, шматдзетныя сем’і, пенсіянераў і іншыя катэгорыі грамадзян. Таксама ў абноўленым Асноўным Законе замацоўваецца каштоўнасць інстытута сям’і і шлюбу.
Як унук удзельніка Вялікай Айчыннай вайны лічу важным і тое, што на вышэйшым узроўні замацоўваюць палажэнне аб неабходнасці захавання гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа.
Абавязкова прыйду на рэферэндум, бо мы разам прымаем Асноўны Закон краіны, у якой жыць нам і нашым дзецям.