
Чацвёртага кастрычніка ў малой зале гарадскога Палаца культуры прайшла дзясятая справаздачна-выбарчая канферэнцыя Пружанскай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
У любой справе ніколі лішнім не будзе падвядзенне вынікаў зробленаму. Чаго дасягнулі, з якім рэзультатам прыйшлі да фінішу? Калі недзе прамахнуліся, то якія шляхі існуюць да выкаранення памылак? Якія мэты і задачы ставіць на будучае?
Вось пра гэта і не толькі гаварылі на канферэнцыі, дзе сабраліся кіраўнікі гаспадарак, старшыні прафсаюзных пярвічак арганізацый. Першачаргова справаздачу аб рабоце за папярэднія пяць гадоў зрабіла старшыня райкама работнікаў АПК Вольга Зубкова. Былі названы як дасягненні, так і напрамкі дзейнасці, на якія ў будучым патрэбна будзе звярнуць больш увагі. Старшыня рэвізійнай камісіі галіновага прафсаюза, галоўны бухгалтар Пружанскага льнозавода Вольга Ляўчук паведаміла прысутным, куды выдаткоўваліся грашовыя сродкі за вызначаны перыяд: дапамогі працаўнікам, экскурсіі, падарункі.
Калі ў чалавека ёсць жаданне ісці толькі наперад, сілы працаваць на якасць, мэты на вялікую перспектыву, то яму абавязкова трэба даць магчымасць увасобіць усё ў жыццё. Таму і перавыбралі Вольгу Зубкову старшынёй раённага прафсаюза работнікаў АПК. Яе намеснікам стала загадчыца канцылярыі, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Пружанскі малочны камбінат» Таццяна Карпусь.
У склад Пружанскага раённага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу было абрана трыццаць два чалавекі, у прэзідыум — сем. Фінансавую справу даручылі казначэям пярвічных прафарганізацый з ААТ «Радзіма», «Агра-Калядзічы», «Ружаны-Агра» і «Аранчыцкая птушкафабрыка» на чале з Вольгай Ляўчук, якую ў чарговы раз абралі старшынёй рэвізійнай камісіі.
На дзясятую справаздачна-выбарчую канферэнцыю Брэсцкай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК былі дэлегіраваны Вольга Зубкова і старшыні пярвічак з ААТ «Ружаны-Агра», «Пружанскі малочны камбінат», «Жураўлінае», «Шані-аграпрадукт» і УА «Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж».
Напрыканцы за сумленную работу раённаму прафсаюзу работнікаў АПК дзякавалі першы намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Глушко і член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандр Пішч. І дадалі, што спыняцца на дасягнутым не патрэбна, а шукаць новыя падыходы ў рабоце, быць заўсёды на вышыні. Старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Саланевіч заўважыў, што работа любой арганізацыі залежыць ад яе кіраўніка. Вольга Васільеўна — той чалавек, які і сам працуе сумленна, з душой, і каманда ў старшыні раённага прафсаюза работнікаў АПК — мэтанакіраваная і энергічная.
За сур’ёзнае стаўленне да прафсаюзных абавязкаў, клопат аб сваіх калегах былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі і падзякамі абласнога і раённага ўзроўню некаторыя старшыні пярвічак.
Вадзім Раўнейка