Суббота, 12 октября 2024

Прафсаюзны камітэт Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы зладзіў свята для сваіх ветэранаў і дзеючых работнікаў

329

Прафсаюзны камітэт Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы заўсёды актыўна ўдзельнічае ў розных акцыях як раённага, так і рэспубліканскага маштабу, і сам наладжвае цікавыя і душэўныя мерапрыемствы.

На гэтым тыдні, напрыклад, у раённай бальніцы далучыліся да прафсаюзнай акцыі «Павіншуем маму разам», «Павіншуем тату разам». У чацвер у фае паліклінікі размясцілі паштовую скрынку з прапановай адправіць бацькам віншаванні. Як расказала прафсаюзны лідар медыкаў Ірына Шэйка, ужо ў другой палове дня ў розныя куточкі Беларусі паляцела больш за сотню паштовак: у вялікім калектыве медыкаў нямала ўраджэнцаў іншых раёнаў і абласцей.

А бліжэй да вечара актавая зала медустановы запоўнілася людзьмі. Прафкам сумесна з адміністрацыяй ЦРБ вырашыў наладзіць агульны «агеньчык» з нагоды адразу некалькіх кастрычніцкіх святаў: не толькі чакаемых хутка Дня маці і Дня бацькі, але і нядаўняга Дня пажылых людзей. Гучала музыка, ззялі шчырыя ўсмешкі, жоўтае кляновае лісце ўпрыгожвала залу, дзе побач з ветэранамі працы за «салодкімі сталамі» сядзелі шматдзетныя маці.

Усяго ў медыцынскіх установах раёна працуе 45 шматдзетных маці і два шматдзетныя бацькі, тры жанчыны ў розныя гады былі ўзнагаро-джаны ордэнам Маці. Усе яны, зразумела, не застаюцца па-за ўвагай. Але сёлета прафсаюзных падарункаў і ўшанаванняў удастоіліся жанчыны, кожная з якіх выхоўвае трох дзяцей: фельчар хуткай медыцынскай дапамогі Вольга Кардзіс і ўрач оталарынголаг Вікторыя Ярашэвіч.

Вольга Сяргееўна добра знаёма пастаянным чытачам нашай газеты: актыўная і нераўнадушная жанчына — пастаянная ўдзельніца многіх мерапрыемстваў і праектаў як у культурным, спартыўным, так і грамадскім жыцці раёна. А яшчэ яна — донар крыві і плазмы з вялікім стажам і роўна два гады таму на Дзень маці атрымала падарунак, знак «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь». Калі ж хто і не бачыў артыкулы ў газеце, то, напэўна, сутыкаўся з фельчарам падчас выкліку хуткай дапамогі і атрымаў самыя добрыя ўражанні аб яе прафесіяналізме.

Але акрамя прафесійных і грамадскіх абавязкаў Вольга Кардзіс выдатна выконвае і самы галоўны абавязак свайго жыцця, мацярынскі, выхоўвае двух сыноў і дачку. Старэйшы Марк ужо навучэнец аграрна-тэхнічнага каледжа, малодшы Аляксей вучыцца ў трэцім класе. Як прызналася сямікласніца Ганна, мама ва ўсім падтрымлівае, усё разумее і з‘яўляецца самай лепшай сяброўкай.

У маладога ўрача Вікторыі Ярашэвіч — тры дачкі з прыгожымі імёнамі: Ангеліна, Паліна і Іаанна. Прымала разам з Вікторыяй Сяргееўнай віншаванні ў святочны дзень самая малодшая. Але нават слоў у адказ на пытанні вядучай тут не запатрабавалася, малая проста моцна абняла маму.

Гучнымі апладысментамі суправаджалі гэтае дзейства ветэраны працы. Жанчыны, а іх у зале была большасць, узгадвалі, як яны некалі паспявалі спраўляцца і з працоўнымі абавязкамі, і з домам, з дзецьмі. Усё атрымлівалася! І чаму ж нельга сёння павіншаваць іх з Днём маці, а мужчын – з Днём бацькі? У «элегантным узросце» гэты статус не страчваецца!

— Вельмі добра, калі ўжо можна расслабіцца на пенсіі, заняцца справамі па душы, — усміхаецца ў адказ на маё пытанне Марыя Іванаўна Пачынчык. — Але ж, ведаеце, сумавала спачатку, прызвычайвалася да новага рытму жыцця. Зараз узгадваецца шмат добрых момантаў працоўнага перыяду жыцця, а праблемы, непрыемнасці нібы адыходзяць удалечыню.

— Зразумела, столькі гадоў мы жылі працай, што немагчыма адразу адвыкнуць ад гэтага, — згаджаецца з жонкай Іван Мікалаевіч Пачынчык. — Ды толькі ўсяму свой час. Галоўнае, пайсці на пенсію прыгожа і своечасова.

Паняцце «своечасовасці» тут вельмі неакрэсленае. У кожнага яно сваё. Некаму 25 гадоў працы дастаткова, каб адчуць сябе глыбокім пенсіянерам. А ў мужа і жонкі Пачынчыкаў агульны сямейны працоўны стаж блізіцца да стагоддзя: 50 плюс 47. Іван Мікалаевіч узгадвае, як у 1986 годзе прыехаў у Пружаны ўжо вопытным урачом-хірургам, як 25 гадоў працаваў галоўным урачом і адначасова аперыраваў, вёў палаты ў стацыянары, кансультаваў, як толькі ў сёлетнім лютым канчаткова развітаўся з працай.

— Мноства пераваг адзначу ў цяперашнім статусе пенсіянера, — пажартаваў былы галоўны ўрач. — Напрыклад, няма дзяжурстваў, штораніцы не трэба ісці на працу. Але вы ведаеце, Сусветная арганізацыя аховы здароўя правяла новую градацыю ўзростаў. І адцягнулі старасць: цяпер людзі маюць статус пажылых ажно да 80! Так што якія нашы гады!

Яго словам усміхнуліся з разуменнем і былы ўрач-педыятр Тамара Канстанцінаўна Аскірка, працоўны стаж якой склаў ажно 52 гады, і Ірына Лапаценка, якая працавала медыцынскай сястрой рэанімацыйнага аддзялення.

— 39 гадоў склаў мой працоўны стаж, пяць гадоў працавала ўжо будучы на пенсіі, — кажа Ірына Мікалаеўна. — Але ж трэба даваць дарогу маладым. Тым больш, што моладзь валодае больш сучаснымі ведамі. Хаця, зразумела, з узростам людзі становяцца больш патрабавальнымі да сябе, прывыкаюць браць на сябе адказнасць.

Жанчына прызнаецца, што спачатку вельмі сумавала па працы. Але дапамагае творчасць. Ірыну Лапаценка пружанцы ведаюць як пастаянную ўдзельніцу мастацкай самадзейнасці. І ў складзе народнага хору «Вербніца», і разам з аўтаклубам, і як салістка яна прымае ўдзел у шматлікіх канцэртах.

Праспявала свае любімыя песні і для сваіх былых калег. А песня «Посидим по-хорошему» стала, напэўна, ужо візітнай карткай спявачкі. І сапраўды, хораша сядзелі, хораша ўспаміналі…
А ўспомніць было што.

Як адзначыў намеснік галоўнага ўрача Віктар Шаўчэня ў сваім прывітанні былых і сённяшніх калег, справа, якую пачыналі некалі ветэраны, працягваецца сённяшнімі працаўнікамі вялікага калектыву медыкаў. І пераемнасць пакаленняў толькі падкрэслівае рух наперад.

— Некалі вы зазіралі ў далёкую будучыню, радаваліся новай медыцынскай тэхніцы, новым будынкам у бальнічным гарадку, новым магчымасцям лячэння хворых. Гэтая будучыня наступіла, і цяпер ужо мы будуем планы і глядзім наперад. На гэтым тыдні пачалося заяўленае напачатку года будаўніцтва новага прыёмнага аддзялення бальніцы і памяшкання для ўстаноўкі камп‘ютарнага тамографа. Рыхтуецца праектная дакументацыя, і да канца года павінны пачацца работы па мадэрнізацыі былога будынка цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, куды плануецца перавесці дзіцячую і жаночую кансультацыі.

— А наогул, усё — і добрае, і дрэннае, што было ў нас, склалася ў дзіўную мазаіку пад назвай: наша жыццё, — падкрэсліў Віктар Міхайлавіч.

Што яшчэ было падчас мерапрыемства? Шмат падарункаў і шмат старых фотаздымкаў розных гадоў. Цудоўныя песні ў выкананні салістаў гарадскога Палаца культуры. Шчырыя пажаданні — галоўнае, здароўя, якога так не хапае з узростам. Атмасфера ўзаемаразумення, сяброўства, яднання. І гэта галоўнае.

Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік