Четверг, 5 декабря 2024

Прафсаюзная пярвічка Палаца культуры падвяла вынікі работы за 5 гадоў

212

У сераду ў ДУК «Пружанскі гарадскі Палац культуры» адбыўся справаздачна-выбарны сход пярвічнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Падчас яго ў поўнай меры раскрылі прафсаюзнае жыццё ўстановы культуры, заклалі падмурак работы на будучае. Але аб усім па парадку.

У рабоце сходу прымалі ўдзел намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, дэлегат Усебеларускага народнага сходу Таццяна Філімонава, а таксама начальнік аддзела культуры райвыканкама Канстанцін Панімаш, старшыня Пружанскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Святлана Карповіч.

Падрабязную справаздачу аб рабоце прафкама пярвічнай прафарганізацыі за перыяд з чэрвеня 2019 года па май 2024 года зрабіў яе старшыня Васіль Трус. Ён давёў да ведама прысутных, што прафсаюзным членствам ва ўстанове ахоплена 100% работнікаў. Работа па матывацыі на ўступленне ў арганізацыю, асабліва сярод маладых работнікаў, на асаблівым кантролі прафкама. Вялікая ўвага ўдзяляецца аздараўленчай, спартыўнай, інфармацыйнай рабоце. Пад пільнай увагай здароўе кожнага работніка, аказваецца рэальная дапамога людзям, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю. Прафсаюз трымае на кантролі ахову працы, не забывае пра сваіх пенсіянераў. Зразумела, ва ўстанове культуры на вышыні і культурна-масавая работа ўнутры калектыву, тут умеюць ствараць настрой песнямі і танцамі. Адным словам, прафсаюз, як гэта і трэба, працуе для людзей.

Аб рабоце рэвізійнай камісіі ў справаздачны перыяд расказала яе старшыня Кацярына Цяжолава. Пасля чаго даклад быў зацверджаны прысутнымі аднагалосна. Работа прафкама прызнана задавальняючай. Звярталася ўвага на некаторыя памылкі. Іх не трэба баяцца, а прыкладаць усе намаганні, каб выправіць. Што і робіцца ва ўстанове культуры. Праект пастановы сходу ад рэдакцыйнай камісіі прадставіла дырэктар Палаца культуры Аксана Кавалевіч. Яго прынялі і зацвердзілі.

Навошта мяняць старшыню прафарганізацыі, калі ён поўны сіл, энергічны, працуе з запалам? Таму і пакінулі гэтую пасаду за Васілём Трусам. Выбралі таксама і прафсаюзны камітэт пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі. Акрамя старшыні ў яго склад увайшлі кіраўнік узорнай кантакт-студыі «Teens фармат» Анастасія Ціхановіч і рэжысёр Ганна Жук. Выбралі і рэвізійную камісію ў складзе старшыні Кацярыны Цяжолавай, Дыяны Крэтавай і Сяргея Шукі. Сачыць за выкананнем працоўнага заканадаўства даверылі Арыне Ро, загадчыцы аддзела па рабоце з дзецьмі і моладдзю, якую абралі грамадскім інспектарам па ахове працы.

Дырэктар Палаца культуры Аксана Кавалевіч і старшыня ППА Васіль Трус выбраны дэлегатамі на справаздачна-выбарную канферэнцыю Пружанскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Васіля Дзмітрыевіча абралі таксама дэлегатам на ІІ справаздачна-выбарную канферэнцыю Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў. Апошнім пытаннем парадку дня было дэлегаванне прадстаўнікоў пярвічнай прафарганізацыі ў склад раённага камітэта і рэвізійнай камісіі Пружанскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Засядаць у раённым камітэце будзе ўжо нам знаёмы Васіль Трус, а ў рэвізійнай камісіі — Аксана Кавалевіч.

Канечне ж, далі слова і Таццяне Філімонавай. Намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі адзначыла станоўчую работу прафсаюзнай арганізацыі ДУК «Пружанскі гарадскі Палац культуры». Таццяна Васільеўна нагадала прысутным аб тым, што ў сваёй працы трэба абавязкова карыстацца Працоўным кодэксам, які гарантуе правы работнікам і акрэслівае іх абавязкі. Як дэлегат УНС падкрэсліла, што толькі ад нас залежыць, у якой краіне мы будзем жыць, што мы павінны захаваць мір і спакой на роднай зямлі. Мы — за стабільнасць і сяброўскія адносіны з усімі, хто ставіцца да нас прыязна.

Вадзім Раўнейка.

Фота Кацярыны Масік