Понедельник, 16 сентября 2024

Прафсаюз з пункту гледжання культуры

934

У краіне завяршыўся Тыдзень прафсаюзнай культуры. Мерапрыемствы ў рамках тэматычнага тыдня прафсаюзныя аб’яднанні распачалі 18 лістапада. На Пружаншчыне ў цэнтры ўвагі апынуліся людзі, якія шмат гадоў аддалі любімай справе, а сёння знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Акрамя ўшанавання пенсіянераў, прайшла чарада мерапрыемстваў, асноўныя з якіх адбыліся 24 лістапада.

20161124_2233

Шэраг пытанняў быў вынесены на парадак дня пасяджэння савета раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў.

З ходам выканання комплексу мер па рэалізацыі ў сістэме Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады пазнаёміла старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Т.Ю.Гаманчук.

Тэму культуры працы вынес на абмеркаванне галоўны дзяржаўны інспектар Бярозаўскага міжраённага аддзела інспекцыі працы І.М.Нікітчанка: ён звярнуў увагу на тыповыя парушэнні патрабаванняў заканадаўства аб ахове працы, якія падчас праверак былі выяўлены ў арганізацыях і на прадпрыемствах раёна. Завяршыла пасяджэнне тэма супрацоўніцтва з ДЮСШ №2 па фарміраванні здаровага ладу жыцця работнікаў.

А святочную нотку тыдню надаў канцэрт «Народныя таленты табе, Беларусь», які прайшоў у Палацы культуры 24 лістапада. Ён стаў падставай для ўшанавання  кіраўнікоў, старшыняў прафсаюзных арганізацый, творчых калектываў і самадзейных артыстаў, якія заслужылі ўзнагароды ў Год культуры.

Цырымонію ўручэння ўзнагарод распачаў госць — старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў спажыўкааперацыі У.Г.Тарасевіч: за развіццё і ўмацаванне сацыяльнага партнёрства і іншы ўклад у прафсаюзны рух па даручэнні ФПБ ён узнагародзіў старшыню Пружанскага райвыканкама М.М.Крэйдзіча медалём «110 гадоў прафсаюзнага руху».

20161124_2120

Сярод атрымаўшых  граматы і памятныя падарункі — не толькі культработнікі, але і настаўнікі, медыкі і педагогі, работнікі гандлю і сельскай гаспадаркі, прадстаўнікі іншых сфер.

20161124_2256

Святлана Машкала, Валерыя Лялёкіна, Васіль Шопік, Юрый Дронь, Людміла Абрубка, Ксенія Лукашэвіч, Карына Фурса, Таццяна Клюка, трыа «Акорд», народны камерны хор, народны вакальны ансамбль «2+2»,  Алег Мардань, Кацярына Зубко, арт-гурт «Родники», вакальны гурт «Каханачка», ансамбль народных інструментаў на працягу амаль двух гадзін радавалі гледачоў сваімі выступленнямі.

Варта адзначыць, што не ўсе члены прафсаюзных пярвічак праяўляюць сябе менавіта на сцэне: некаторыя захапляюцца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Работы майстроў-рукадзельнікаў можна было ўбачыць у кулуарах Палаца культуры. Іх таксама адзначылі падарункамі.

Акрамя таго, старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Т.Ю.Гаманчук уручыла грамату Н.К.Шабуні, якая дзесяць гадоў узначальвала раённую прафсаюзную арганізацыю аддзела культуры, прымала актыўны ўдзел у жыцці калектыва цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Увогуле, галоўнай задачай гэтага тыдня стала раскрыццё самога паняцця культуры: яно, як вядома, уключае ў сябе не толькі самадзейнасць і творчасць, але і культуру працы і  адпачынку, прававую культуру. І па гэтых накірунках прафсаюзы плённа працуюць не толькі ў рамках тыдня прафсаюзнай культуры, які фінішаваў 27 лістапада.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *