
На гэтым тыдні, у аўторак, прайшло мерапрыемства ў Пружанскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы, прысвечанае прафсаюзнай дзейнасці навучальнай установы.
Усе мы добра ведаем, што, уступіўшы ў прафсаюз, атрымліваем правы на ўсе сацыяльна-эканамічныя нормы і льготы, прадугледжаныя ў калектыўным дагаворы, можам атрымаць юрыдычную дапамогу па пытаннях прыёму на работу і звальненні, рабочага часу і адпачынку, аховы працы, гарантый і кампенсацый. А яшчэ і быць узнагароджаным за актыўную жыццёвую пазіцыю, прагу да ведаў, бездакорнае выкананне працоўных абавязкаў.
Усё вышэйсказанае і пацвердзілася падчас мерапрыемства ў каледжы, якое адкрыла старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ўстановы Наталля Мельнік.
Затым да навучэнцаў (а іх шмат сабралася ў актавай зале) звярнулася старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Вольга Зубкова. Першапачаткова Вольга Васільеўна шчыра павіншавала ўсіх прысутных з дзяржаўным святам — Днём народнага адзінства, якое прызвана яднаць беларусаў у моцную і непарушную нацыю, весці да працвітання і незалежнасці. Канечне, пажадала моладзі быць заўсёды надзейнай апорай сваёй краіны, справай даказваць сваю любоў да роднай старонкі.
А сярод навучэнцаў каледжа ўжо сёння ёсць тыя, хто паказвае высокія веды, прымае актыўны ўдзел не толькі ў жыцці роднай альма-матар, але і раёна, не плыве па цячэнні, а заўсёды ў любой справе, нават складанай, праяўляе ініцыятыву. Такіх хлопцаў і дзяўчат абавязкова трэба падтрымаць. Таму Вольга Зубкова і ўручыла васьмі лепшым навучэнцам каледжа пасведчанні стыпендыята прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу па выніках другога вучэбнага семестра 2023/2024 навучальнага года абласнога і раённага ўзроўню. Дарэчы, да іх прыкладалася па сто рублёў. Добрая падзяка за жыццёвую пазіцыю і мэта для астатніх маладых людзей. За выхаванне сапраўдных грамадзян сваёй краіны падзякамі былі адзначаны і бацькі стыпендыятаў, якія матывавалі сваіх дзяцей жыць сумленна і годна.
Наступны крок мерапрыемства — уручэнне членскіх білетаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Больш за дзвесце навучэнцаў каледжа атрымала гэты важны дакумент. Цяпер хлопцы і дзяўчаты могуць быць упэўнены ў тым, што іх ніколі не кінуць у бядзе, заўсёды падтрымаюць і акажуць дапамогу.
Будзь заўсёды сярод людзей, клапаціся аб іх, думай не толькі пра сябе, а і пра навакольных. Толькі тады ты зможаш сказаць: мая жыццёвая пазіцыя поўнасцю супадае з жыццём краіны.
Вадзім Раўнейка.