Среда, 19 февраля 2025

Прафесіяналы справядлівасці. Узгадваем гісторыю стварэння і развіцця пракуратуры раёна і людзей, якія працавалі тут

520

26 чэрвеня 1922 года Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР прыняў Пастанову аб пракурорскім наглядзе ў Беларускай ССР, аддзел аховы рэвалюцыйнай законнасці наркамата юстыцыі саюзнай рэспублікі быў перайменаваны ў аддзел пракуратуры, уведзена пасада пракурора. На новую структуру ўскладвалася ажыццяўленне нагляду ад імя дзяржавы за законнасцю дзейнасці дзяржустаноў, грамадскіх і праватных арганізацый, а таксама фізічных асоб шляхам узбуджэння крымінальнага пераследу супраць вінаватых і апратэставання парушаючых закон пастаноў.

У архіўных дакументах пракуратура Брэсцкай вобласці ўпершыню згадваецца 8 снежня 1939 года, а вось звестак пра тое, калі была створана пракуратура менавіта Пружанскага раёна і хто яе ўзначальваў, не захавалася. Ёсць толькі дакументы памочніка пракурора Б.Г.Гасана, які заняў сваю пасаду ў жніўні 1940 года.

У пасляваенны час цяперашняя тэрыторыя Пружанскага раёна была падзелена на тры адміністрацыйныя адзінкі — Пружанскі, Ружанскі і Шарашоўскі раёны, у кожным з якіх працавала па два-тры пракурорскія работнікі. Першым пракурорам Пружаншчыны пасля вызвалення стаў П.Ф.Міхайлаў: захаваўся загад №1 ад 20 жніўня 1944 г. за яго подпісам «Прыбыў на месца прызначэння і прыступіў да выканання службовых абавязкаў пракурора Пружанскага раёна».

У кастрычніку 1953 года пракурорам Пружанскага раёна быў прызначаны Д.А.Краўцоў.

І.П.Сандрыгайла.

У 1960-м на гэтай пасадзе яго замяніў Іван Сандрыгайла, які ўзначальваў калектыў на працягу 25 гадоў.

Іван Пятровіч родам з Магілёўскай вобласці. Па пуцёўцы камсамола скончыў Мінскую юрыдычную школу і трапіў на працу ў органы пракуратуры Брэстчыны. Спачатку служыў памочнікам пракурора ў Бярозаўскім раёне, затым стаў пракурорам крымінальна-следчага аддзела абласнога падраздзялення. Паралельна атрымліваў юрыдычную адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Затым узначаліў Пружанскую пракуратуру. За добрасумленную службу Іван Сандрыгайла быў узнагароджаны Ганаровай граматай ЦК прафсаюза і Генеральнага пракурора СССР, медалём «За доблесную працу», атрымаў званне «Заслужаны юрыст БССР».

І.І.Міхаевіч.

Істотны ўклад ва ўмацаванне законнасці і правапарадку ўнёс пракурор Ігнат Міхаевіч, які ўзначаліў раённае падраздзяленне ў кастрычніку 1985 года.

Ігнат Ігнатавіч скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1976 годзе, працоўную дзейнасць пачынаў са следчага-стажора ў Пінску, працаваў у Камянецкай і Лунінецкай пракуратурах. За час яго кіравання Пружанскай пракуратурай быў пабудаваны новы будынак. У 1995 годзе ён перайшоў на працу ў пракуратуру Камянецкага раёна.

Ігнат Міхаевіч — чалавек актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Прымаў удзел у рабоце раённага выканаўчага камітэта, тройчы выбіраўся дэпутатам раённага Савета, трымаў у сферы сваёй увагі і вытворчыя, і сацыяльна-бытавыя справы калектыву. За час службы неаднаразова заахвочваўся пракуратурай вобласці і рэспублікі. Яму датэрмінова прысвоены класны чын «Малодшы саветнік юстыцыі». За дасягнутыя поспехі атрымаў 8 падзяк, узнагароджаны двума медалямі.

У работнікаў раённай пракуратуры ёсць важная перавага перад іншымі калектывамі. Гэта — згуртаванасць і ўзаемадапамога калегаў па працы. Над добрымі ўзаемаадносінамі з работнікамі суда, міліцыі, следства і камітэтам судовых экспертыз працаваў пракурор Міхаіл Запарошчанка, які прыйшоў на змену Ігнату Міхаевічу. Таму што ў гэты час, як лічыў Міхаіл Іванавіч, у сувязі з пастаянным ростам нагрузкі проста неабходна ўзаемадзеянне. Людзі памятаюць Міхаіла Іванавіча як дасведчанага спецыяліста, усе, хто калі-небудзь з ім кантактаваў, адзначаюць яго высокі прафесіяналізм як юрыста, шчырасць, спагаду і дабрыню як чалавека.

Увогуле ў калектыве раённай пракуратуры не было выпадковых людзей. Прыкладам таму з’яўляецца Святлана Карабцова, былы намеснік пракурора раёна. Ёй, залатой медалістцы Чачэрскай сярэдняй школы, прадракалі вялікую будучыню. Яшчэ школьніцай Святлана была членам бюро райкама камсамола і многія яе бачылі ў вышэйшай камсамольскай школе, але дзяўчыне вельмі прыцягальным стаў прыклад бацькі-пракурора. Так яна стала студэнткай юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. А пасля яго заканчэння з чырвоным дыпломам прыехала ў Рагачоў памочнікам міжраённага пракурора.

У пракуратуру Пружанскага раёна Святлана Паўлаўна прыйшла ў 1987 годзе. А на пасадзе намесніка пракурора працавала з 1999 па 2015 год. Яе прафесіяналізм пацвярджаецца рознымі ўзнагародамі ад пракурора вобласці і Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь. За шматгадовую і добрасумленную працу Святлана Карабцова ўзнагароджана медалямі «За працоўныя заслугі» і «За бездакорную службу ІІІ ступені», аб яе прафесіяналізме сведчыць класны чын «Саветнік юстыцыі».

С.П.Карабцова, Г.М.Пеляніцына і М.І.Запарошчанка (крайнія злева) разам з работнікамі пракуратуры.

Работа ў пракуратуры патрабуе асобай адказнасці, але без дапамогі тэхнічных супрацоўнікаў справіцца з абавязкамі было б няпроста. Адной з прадстаўнікоў такога «нябачнага фронту» з’яўлялася загадчык канцылярыі пракуратуры Галіна Пеляніцына. Трыццаць гадоў гэта жанчына выконвала сваю канцылярскую працу ў пракуратуры раёна: рэгістрацыя пошты, вядзенне архіўных матэрыялаў, фарміраванне кантрольных спраў па зваротах, крымінальных і грамадзянскіх ісках, адмоўных матэрыялах. Тактоўная, знешне строгая загадчык канцылярыі ў душы сапраўдная артыстка. Нездарма ў свой час Галіна Мікалаеўна была нават прызнана лепшым у Беларусі масавіком-забаўнікам і прадстаўляла рэспубліку на ўсесаюзным конкурсе. І хоць жыццё распарадзілася інакш, са сваім талентам не развіталася. Шмат гадоў спявала ў народным хоры гарадскога Дома культуры «Вербніца».

Гэтыя і іншыя людзі складалі аўтарытэт раённай пракуратуры, дзякуючы ім падраздзяленне неаднаразова прызнавалася адным з лепшых у вобласці. У новым стагоддзі іх традыцыі і прынцыпы працягваюць іншыя супрацоўнікі. І варта спадзявацца, што далейшая гісторыя пракуратуры Пружанскага раёна будзе не менш слаўнай.

Падрыхтавала Вераніка Манец, памочнік пракурора раёна. Фота з архіваў