
Нядаўна ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня» былі падведзены вынікі рэспубліканскага этапу конкурсу педагагічнага майстэрства «Лепшы выхавальнік аздараўленчага лагера». Фіналістам гэтага творчага спаборніцтва стала Дыяна Пінчук з Ліноўскай СШ, якая была адзначана адпаведным дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Для Дыяны Мікалаеўны гэта не першая ўзнагарода, хаця і яна прымушае заваёўваць новыя вяршыні. Пра свае ўражанні і планы настаўніца расказала ўдзельніцы аб’яднання па інтарэсах «Юны карэспандэнт», якое дзейнічае ў Ліноўскай СШ.
— У гэта цяжка паверыць, але вопыт працы ў дзіцячых лагерах, насамрэч, у мяне невялікі: я ўсяго два разы была выхавальнікам у аздараўленчым лагеры з кругласутачным знаходжаннем «Юны турыст». Сёлета паспяхова рэалізавала праект «Лідарскі стартап», які дэманстравала на рэспубліканскім конкурсе «Лепшы выхавальнік аздараўленчага лагера».
— Якія, на Ваш погляд, самыя важныя якасці выхавальніка аздараўленчага лагера?
— Адказнасць, уменне ладзіць, даверлівыя зносіны з дзецьмі, крэатыўнасць у арганізацыі мерапрыемстваў, уменне вырашаць канфліктныя сітуацыі, цярпенне.
— Што Вас падштурхнула да ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе?
— На самай справе — выпадак. Прапанавалі паспрабаваць сябе, мяне зацікавілі заданні для ўдзельнікаў, таму я і пагадзілася.
— Якія ўражанні атрымалі?
— Шмат пачуццяў і эмоцый. Ніколі не забуду першы дзень. Для мяне ўсё склалася ў вялікі анімацыйны малюнак без перапынку. Здаецца, цяпер будзе нейкі спакой, паўза, магчымасць перавесці дух. Але не ўдалося адпачыць, нават не было магчымасці пагутарыць з роднымі і знаёмымі, з тымі, хто за мяне хваляваўся. Такая насычаная праграма ў нас была. І самае галоўнае, безумоўна, усведамленне адказнасці за давераную мне справу.

— Наколькі сур’ёзны быў адбор прэтэндэнтаў на фінал?
— Усяго ў рэспубліканскім этапе конкурсу ўдзельнічалі сем чалавек, прадстаўнікі кожнай вобласці і г. Мінска. У выніку я спаборнічала з самымі таленавітымі, яркімі, эмацыйнымі спецыялістамі, якія цалкам аддаюцца сваёй справе. Гэта ж заслугоўвае павагі, ці не так?
— Вы казалі пра насычаную праграму. Гэта конкурсныя мерапрыемствы?
— Некалькі лістападаўскіх дзён у нас былі распісаны літаральна па мінутах. Мяркуйце самі: уласны майстар-клас і ўдзел у майстар-класах іншых канкурсантаў, правядзенне выхаваўчага мерапрыемства, рэпетыцыі да адкрыцця і закрыццё, конкурсы на лепшае творчае самапрадстаўленне, рашэнне педагагічных сітуацый, дэманстрацыя вопыту педагагічнай дзейнасці ў выхаваўча-аздараўленчай установе адукацыі, публічнае выступленне па пытаннях дасягнення мэт і рашэнне асноўных задач выхавання членаў часовага дзіцячага калектыву, тэставанне… Я пералічваю, а ў мяне зноў галава пухне. Аднак гэта быў не толькі шанец прадэманстраваць свой вопыт, але і ўнікальная магчымасць пазычыць новыя ідэі і натхненне. Конкурс дазволіў мне ўбачыць, як іншыя выхавальнікі падыходзяць да рашэння задач, як яны арганізоўваюць вольны час і ўзаемадзейнічаюць з дзецьмі. Я даведалася пра розныя метады матывацыі, сучасныя падыходы ў працы з падлеткамі, а таксама пра спосабы вырашэння складаных сітуацый.
Падчас падрыхтоўкі да конкурсу глыбока прааналізавала свае ўласныя методыкі работы і зразумела, якія аспекты маёй дзейнасці патрабуюць удасканалення. Мне ўдалося прапрацаваць сваю камунікатыўную стратэгію, палепшыць арганізацыйныя навыкі. Конкурс таксама прадэманстраваў магчымасці развіцця майго творчага патэнцыялу, дазволіўшы ў поўнай меры раскрыць свае здольнасці да імправізацыі і нестандартнага мыслення.
Уражанні засталіся самыя яркія, таму што конкурс даў магчымасць ацаніць свой прафесійны ўзровень, убачыць свае моцныя і слабыя бакі, што, безумоўна, карысна для майго далейшага прафесійнага развіцця. Я ўпэўнена, што атрыманы вопыт дапаможа яшчэ лепш падрыхтаваць і правесці лагерныя змены для дзяцей.
— Хто Вас падтрымліваў?
— Гэта дзіўна, але я адчувала проста велізарную падтрымку адусюль: родныя і блізкія, калегі, метадысты, проста знаёмыя пісалі ў сацсетках, падтрымлівалі добрымі словамі. Вельмі кранула падтрымка нашай раённай газеты падчас галасавання за мяне. Гэта надавала сіл, калі здавалася, што я вычарпала ўсе свае рэсурсы. Ты прачынаешся і разумееш, якая ў людзей вера ў цябе, — і адкрываецца другое дыханне. Выказваю велізарную падзяку ўсім тым, хто быў са мной!
— Ну і напрыканцы: будзеце ўдзельнічаць у конкурсе ў наступным годзе?
— Вядома! Ужо рыхтуем праграму і праекты. (Смяецца)
Інтэрв’ю ўзяла Ганна Бабіч, юны карэспандэнт Ліноўскай СШ
