Вторник, 18 марта 2025

Прафесар Анатоль Гладышчук разам з таварышамі адправіўся ў веламарафон па ўнікальных мясцінах Пружаншчыны

390

Прафесар Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта, кандыдат фізіка-матэматычных навук, гісторык, краязнаўца-даследчык, пісьменнік — усё гэта ён, Анатоль Антонавіч Гладышчук. Вядомая ў шырокіх колах фраза: «Фізік можа стаць лірыкам, а вось лірык фізікам — наўрад ці!» — належыць таксама яму.

Можна бясконца расказваць пра жыццё і лёс дзіўнага чалавека і яго таварышаў-аднадумцаў, дзякуючы якім гісторыя Брэстчыны атрымала новае прачытанне, пацверджанае глыбокімі даследаваннямі, канкрэтнымі аргументамі і цікавымі фактамі.

— Мы з таварышамі вырашылі адправіцца ў веламарафон даўжынею ў 334 км па трасе Р98, праехацца па аб’язной дарозе з прыпынкамі ў вёсках, пагутарыць з мясцовымі жыхарамі. У Пружанскім раёне я быў некалі праездам, а хацелася больш даведацца пра гэты край, паглядзець на яго славутасці сваімі вачыма, а таксама прыцягнуць увагу мясцовых улад да пытання амаль разбураных помнікаў архітэктуры, каб у далейшым прывесці іх у належны стан і нават уключыць у Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

За плячыма ў Анатоля Антонавіча 54 гады працоўнага стажу ў Брэсцкім тэхнічным універсітэце на кафедры фізікі і, як ён сам кажа, 54 навучальныя студэнцкія гады. Сядзець на пенсіі склаўшы рукі — не ў яго стылі, ён працягвае працаваць на роднай кафедры ў якасці дацэнта і паралельна займаецца любімай справай: шукае, знаходзіць, вывучае, раскопвае… І кажа: пакуль ёсць сілы і жаданне — справа заўсёды знойдзецца, і каб прыйсці да ісціны, трэба рухацца наперад.

Шлях краязнаўцаў па Пружаншчыне спачатку ішоў праз аг. Лыскава. Менавіта тут пралягае першая старажытная дарога з Пружан у Ружаны, пракладзеная яшчэ да набыцця іх Сапегамі. Тут знаходзіцца ўнікальны па сваёй архітэктуры помнік позняга барока Траецкі касцёл, збудаваны ў 18 ст. Стары, без даху, з дрэўцамі, якія тырчаць з вокнаў, ён усё роўна ўражвае сваім хараством і як гістарычная каштоўнасць патрабуе да сябе ўвагі і рэстаўрацыі.

У Труханавічах краязнаўцы адзначылі месца, дзе бярэ свой пачатак р. Ясельда, левы прыток Прыпяці, што ў перакладзе з санскрыту азначае — «рака багоў». Яна пачынаецца на вышыні 168,6 м над узроўнем мора, за 4 км на поўнач ад аг. Клепачы. І ясе свае воды праз тэрыторыю аднаго з найбуйных заказнікаў «Сярэдняя Прыпяць». Тут таксама хацелася б паставіць памятны знак ці камень, каб нашчадкі ведалі выток самай папулярнай у турыстычным маршруце ракі Беларусі. Дакладнае месца лёгка знайсці па геалакацыі, таму правільна ўсталяваць знак цяжкасці не складзе. Патрэбны толькі гаспадар, які ўвасобіць гэту задумку ў жыццё.

— Цікавыя сустрэчы нас чакалі ў г.п. Шарашэва і в. Мокрае. Тэрэса Віктараўна Панамар, мясцовы гісторык-краязнаўца, расказала нам пра гістарычную спадчыну вёскі, там сапраўды ёсць на што паглядзець і на што звярнуць увагу: касцёл Святой Тройцы, два праваслаўныя храмы 19 ст., дзіўная драўляная званіца канца 18 ст. і маленькая драўляная царква Святых Пятра і Паўла, будаўніцтва якой датуецца 1824 годам. На дадзены момант гэтая царква выконвае ролю капліцы і, на жаль, знаходзіцца ў стане далёкім ад ідэальнага. Званіца і ўсе храмы Шарашэва з’яўляюцца цікавымі архітэктурнымі помнікамі і культурна-гістарычнымі каштоўнасцямі Беларусі, а гэта, пагадзіцеся, багатая спадчына, і на гэтыя аб’екты трэба звярнуць асаблівую ўвагу.

Наперадзе ў краязнаўцаў было яшчэ шмат унікальных месцаў, але завяршыць насычаную праграму перашкодзіў моцны дождж. Стомленыя, але шчаслівыя, яны дабраліся да канечнага пункта прызначэння. Наперадзе ў іх новыя планы і новыя веламаршруты, распрацоўку якіх яны ўжо пачнуць у бліжэйшы час. Галоўнае, як кажуць самі энтузіясты, берагчы сілы і здароўе, каб хапіла часу ўвасобіць свае мары ў жыцце.

Такіх, як Анатоль Антонавіч Гладышчук і яго каманда, на самай справе не так ужо і шмат, але яны ёсць: незвычайныя, захопленыя, крэатыўныя і ў любым узросце схільныя да авантур, каб з карысцю правесці час. Яны працягваюць здзіўляць сваім пазітыўным стаўленнем да жыцця, да простых людзей, да гісторыі краю. А ён такі неабсяжны, што хочацца пазнаваць яго больш і больш, пакуль ёсць жаданне жыць і перамагаць.

Ірына Велясевіч.

Фота з архіва Анатоля Гладышчука