На мінулым тыдні намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Руслан Супрыновіч і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Сяргей Дзямідаў пабывалі ў г.п. Ружаны.
Руслан Супрыновіч сустрэўся з калектывамі Ружанскай гарадской бальніцы і курортна-рэабілітацыйнага цэнтра “Ружанскі”; Сяргей Дзямідаў – з работнікамі Ружанскай сярэдняй школы.
Асноўнай місіяй прадстаўнікоў улады было азнаямленне з праектам новай рэдакцыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, але таксама яны выслухалі прапановы, заўвагі, адказалі на пытанні сабраўшыхся.
Адзначу, што ва ўсіх установах, дзе мы пабывалі, сабралася даволі прадстаўнічая аўдыторыя.
У Ружанскай сярэдняй школе мне было прыемна пазнаёміцца з дырэктарам установы адукацыі Аляксандрам Юрэням, яго намеснікам па вучэбна-выхаваўчай рабоце Валянцінай Сарока. Для мяне, як новага чалавека, хвалюючай была сустрэча з калектывам школы. Адразу скажу, што ўспрынялі мяне даволі насцярожана. Яно і зразумела: давер трэба заваёўваць справамі. Думаю, што ўсё гэта яшчэ наперадзе. Сустрэнемся мы яшчэ не адзін раз, будзем наладжваць супрацоўніцтва. Аб гэтым я і гаварыў з настаўнікамі. Але ўсё гэта было потым.
З самага пачатку Сяргей Дзямідаў зрабіў невялікі экскурс у гісторыю станаўлення Дзяржаўнасці Беларусі, якія і калі Канстытуцыі прымаліся, аб тым, чаму ўзнікла неабходнасць унесці папраўкі, змяненні і ўключыць новыя артыкулы замест дзеючых. Была цікавай падача і пастраенне размовы, якую прапанаваў слухачам Сяргей Юр’евіч. Ён не стаў проста перачытваць усе папраўкі, а прапанаваў разабраць самыя слушныя, напрыклад, аб Усебеларускім народным сходзе, яго паўнамоцтвах, перыядычнасці склікання, аб умацаванні інстытута сям’і, забеспячэнні дзяржавай захавання гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і некаторыя іншыя.
Прысутных цікавіла пытанне, ці застанецца Рэспубліка Беларусь сацыяльна-арыентаванай краінай, ці захаваюцца бясплатнымі ахова здароўя і адукацыя, ці не давядзецца за ўсё плаціць. Сяргей Дзямідаў адказаў, што Рэспубліка Беларусь застаецца ўнітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай. У артыкуле 45 прапісана, што грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на ахову здароўя, у тым ліку бясплатнае лячэнне за кошт дзяржаўных сродкаў у парадку, устаноўленым законам. Аб адукацыі гаворыцца ў артыкуле 49.
Адказаў Сяргей Дзямідаў і на іншыя пытанні ўдзельнікаў сустрэчы.
Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік