Воскресенье, 13 октября 2024

Праект «Бацькаўшчына». Пазнаёміцца з беларускай хатай і яе «начыннем» можна ў Палацыку

548

Беларускія хаты будаваліся з дрэва і ўцяпляліся мохам, дах накрывалі саломай, чаротам ці дранкай. Ганак у хаце быў высокі, а дзверы — нізкія. Каб цяпло не выходзіла дарма, дзверы рабілі аднастворкавыя і на жалезных завесах. Да канца ХІХ ст. падлога была земляная або глінабітная.

А вось што можна было ўбачыць унутры: стол, услон, тапчан, скрыні для захоўвання адзення, калыску, лавы. Кожная рэч мела сваё месца, вызначанае векавымі традыцыямі. Калыску, у якой спала дзіця, звычайна падвешвалі на вяроўцы да столі. Плялі люльку з лазовых дубцоў або рабілі з дошак.

Звычайна ў хаце былі дзве стацыянарныя, нерухомыя лавы ўздоўж сцен, якія сыходзіліся ў чырвоным куце. Там часта стаяла дзежка з рошчынай. Для захоўвання посуду выкарыстоўвалі прымацаваныя да сцяны дошкі з бакавой сценкай.

Спалі на драўляных насцілах, якія мацаваліся каля печы на ўзроўні ляжанкі на прыбітай да сцяны гарызантальнай рэйцы і да дзвюх падвешаных да бэлькі планак. Старыя людзі часцей спалі на печы…

Жадаеце даведацца іншыя падрабязнасці пра беларускую хату? Тады «Пружанскі палацык» запрашае вас на лекцыю ці музейна-педагагічныя заняткі ў этнаграфічнай экспазіцыі.

Запіс па тэлефоне 2-18-96.

Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»