Четверг, 25 апреля 2024

Праект «Бацькаўшчына». Вяжнянская крыніца і хрышчэнская вясёлка

414

Ёсць на Пружаншчыне месца, дзе можна сустрэць людзей з самых розных куточкаў вобласці. Гэта Вяжное, вядомае не толькі старажытным храмам і новапабудаваным манаскім скітам, але і святой крыніцай, што струменіць усяго ў некалькіх дзясятках метраў ад аб‘язной дарогі. Нібы ручаі, сцякаюцца да яе (выбачайце за каламбур) пружанцы, шарашэўцы, шчарчоўцы, жыхары Кобрына, Жабінкі, Камянца, Брэста…

Некалі царква ў Вяжным была цэнтрам дастаткова вялікага прыходу: напрыканцы ХІХ стагоддзя ў 17-ці прыпісных вёсках пражывала каля 4200 прыхаджан. Ужо на тыя часы храм, асвечаны ў гонар Мікалая Цудатворца, лічыўся старым, а канкрэтная дата яго будаўніцтва згубілася ў памяці. У «Гродненскім праваслаўным царкоўным календары» за 1899 год гаворыцца коратка: «пабудаваны да 1791 года». Памятная шыльдачка на фасадзе сведчыць пра 1781 год. Але, магчыма, гэта быў толькі год абнаўлення будынку: у навуковай працы Дзяніса Лісейчыкава «Святар у беларускім соцыуме» знаходзім прозвішчы ўніяцкіх святароў, якія служылі ў вяжнянскай царкве з 1717 года.

Як бы там ні было, але роўна праз 200 гадоў пасля афіцыйна ўзгаданай памятнай даты, у 1981 годзе, непадалёк ад царквы, прыход якой да таго часу значна абязлюдзеў, адбыўся цуд. З пракапанай меліяратарамі канавы раптам фантанам забіла вада: «прачнулася» забытая, зарослая крыніца… Так пачалося адраджэнне тутэйшых мясцін. Паступова да крыніцы з гаючай вадой пацягнуліся людзі, месца гэтае пачало добраўпарадкоўвацца. У 2002 годзе вяжнянская крыніца была асвечана епіскапам Брэсцкім і Кобрынскім Сафроніем, а яшчэ праз чатыры гады, калі ў Вяжным пачалося будаўніцтва Мікольскага жаночага скіта, перададзена пад апеку Свята-Раства-Багародзіцкага жаночага манастыра г. Брэста. Цяпер месца святой крыніцы не пазнаць: пабудаваны новы зруб і купальня на два аддзяленні, зроблена мудрагелістая арка-ўваход, вокны-«байніцы» стылізаваных мураваных вежаў па вечарах ззяюць цёплым святлом…

Атмасфера святасці і замілавання пануе ў гэтым месцы заўсёды. А на Вадохрышча пачуцці зусім неверагодныя. Душа нібыта раскрываецца небу. А неба ў адказ пасылае цуды для тых, хто гатовы іх убачыць. У мінулым годзе такім маленькім цудам стала вясёлка, якая выпраменьвалася з вокнаў купальні ў хмарны студзеньскі дзень Богаз‘яўлення. Маўляў, глядзіце, людзі, радуйцеся!

Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік і Сяргея Талашкевіча