На першы погляд можа здацца, што ружанская Петрапаўлаўская царква за стагоддзе зусім не змянілася. Сапраўды, хаця адзін са старэйшых праваслаўных храмаў раёна таксама перажываў шматлікія ўзлёты і падзенні, яны не настолькі балюча паўплывалі на яго, як, напрыклад, на палац Сапегаў у тых жа Ружанах.
Храм (на тыя часы яшчэ ўніяцкі) будаваўся ў 1675 годзе на намоленым месцы, дзе з 1639 года стаяла царква пры манастыры базіліянскага ордэна. Пазней ён перабудоўваўся тым жа архітэктарам Сапегаў Янам Самуэлем Бекерам, што і Ружанскі палац, і прыкладна ў тыя ж часы. Побач былі ўзведзены і іншыя манастырскія пабудовы, жылы корпус, у прыватнасці, захаваўся і цяпер.
Храм быў асвечаны ў гонар святых першапавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла ў 1781 годзе. Больш чым праз паўстагоддзя, у 1839-м, яго перадалі праваслаўным вернікам.
Шмат вады ўцякло з таго часу, Петрапаўлаўская царква цярпела падчас пажараў (лічыцца, што 5 мая 1895 года, калі мястэчка выгарэла амаль цалкам, храм і людзей, якія тут схаваліся, выратавала ікона Божай Маці, якая і зараз захоўваецца тут, з‘яўляецца мясцовай святыняй). Летам 1941 года фашысцкія акупанты сагналі ў храм палонных чырвонаармейцаў, якіх дапамагаў ратаваць святар Іаан Наўродскі. Потым надышоў час рэлігійных ганенняў.
Прыходскае жыццё ажывілася ў 1990-х. Паступова быў зроблены капітальны рамонт, і цяпер будынак з элементамі барока адпавядае першапачатковым чарцяжам архітэктара Бекера.
Падрыхтавала Ірына Сядова
Фота «да» — Свята-Петра-Паўлаўская царква ў Ружанах на паштоўцы 1916-1918 гг., фота «пасля» зроблена Кацярынай Масік у 2022 г.