Лагічна цяпер будзе, як звычайна кажуць экскурсаводы, “паглядзець налева”. Калі з правага боку ад Белых лавак мясцілася Прачысценская царква, пра якую мы расказалі ў мінулым выпуску “Бацькаўшчыны”, то з левага стаіць саборны храм, пабудаваны і асвечаны ў гонар святога благавернага князя Аляксандра Неўскага ў 1866 годзе.


Частка грошай на яго ўзвядзенне выдзялялася царскім урадам, частка была сабрана падчас дабрачынных акцый у гарадах цэнтральнай Расіі, але тым не менш будоўлю можна лічыць сапраўды народнай: кожны двор Пружанскага павета ахвяраваў 50 капеек і адправіў мужчыну на дзень працы.
За сваю больш чым 150-гадовую гісторыю сабор ніколі не зачыняўся, хаця, як нядаўна стала вядома, падчас Першай сусветнай вайны тут размяшчаўся нямецкі ваенны шпіталь.
З саборным храмам звязаны імёны шэрагу славутых людзей, у тым ліку протаіерэяў Андрэя Чарвякоўскага, Мікалая Жуковіча, Феодара Дзмітрыюка, Уладзіміра Пілінкевіча, Іосіфа Марозава, Іосіфа Балюка, якія ў розныя часы былі тут настаяцелямі, Рыгора Раманавіча Шырмы, які служыў псаломшчыкам.
У Свята-Аляксандра-Неўскім саборы захоўваецца некалькі асабліва шануемых мясцовых святынь – іконы Божай Маці “Плачучая Пружанская”, “Незгаральная”, “Уладзімірская” і “Іверская”.
Што адметна, пры храме сёння працуе музей царкоўна-рэлігійнага мінулага, які стварыў цяперашні настаяцель протаіерэй Міхаіл Носка.
Падрыхтавала Ірына СЯДОВА
Фота «да» — Свята-Аляксандра-Неўскі сабор на паштоўцы 1916-1918 гадоў, фота «пасля» зроблена Кацярынай Масик у 2022 г.