Вторник, 21 января 2025

Праект «Бацькаўшчына». Ружаны, ратуша, Магдэбургскае права…

477

Дыялогавая пляцоўка «Магдэбургскае права Ружан», прысвечаная 385-й гадавіне падпісання дакумента аб дараванні прывілея гораду, прайшла ў сценах Ружанскага палацавага комплексу роду Сапегаў.

Сустрэча была арганізавана сумесна з членамі краязнаўчых клубаў «Скарбы» і «Патрыёт», якія дзейнічаюць пры Ружанскім шматпрофільным цэнтры, і іх кіраўніком Ларысай Давідзенка.

Да слова, арганізаваная дыялогавая пляцоўка — гэта далёка не адзінае мерапрыемства, праведзенае для ружанскіх школьнікаў. Цікавымі падзеямі для іх сталі семінар «Слуцкія паясы» і віртуальны відэаваяж да Сусветнага дня турызму «Знаёмцеся, наша Беларусь!». Восеньскі сезон для гасцей музея быў адзначаны святкаваннем юбілею беларускага песняра — Янкі Купалы. У памяць аб ім прайшоў паказ фільма «Купала».

На дадзены момант гадавое кола масавых мерапрыемстваў у Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў ужо завершана. А на апошнія тыдні гэтага года запланавана яшчэ адна акцыя «Віншаванне з Ружан!». Напярэдадні навагодніх свят кожны наведвальнік музея можа падпісаць сваім блізкім віншавальныя паштоўкі, а мы адправім іх адрасатам. Прапануем усім жадаючым прыняць удзел у акцыі і сардэчна запрашаем у наш музей! А пакуль вашай увазе — цікавая інфармацыя пра гісторыю Ружан, якая і абмяркоўвалася на згаданай дыялогавай пляцоўцы.


У 1637 годзе тагачасным манархам — каралём польскім і вялікім літоўскім князем Уладзіславам IV Вазам быў падпісаны прывілей, які дараваў Ружанам гарадскі герб.

Таксама з 1637 года ў Ружанах на плошчы была ўзведзена ратуша, у якой з таго моманту размясціўся магістрат — гарадское кіраванне. Па новым праве ён уключаў у сябе ўжо дзве палаты: раду і лаву. Першая выконвала функцыі самакіравання, а другая — суда, які разглядаў нават крымінальныя справы. Войт, які кіраваў мястэчкам, прызначаўся Сапегамі з дазволу караля. А вось бурмістра, які ўзначальваў савет, штогод выбіралі гараджане. Хоць, вядома ж, уся паўната ўлады належала Сапегам, бо Ружаны мелі статус прыватнага маёнтка.

У той час з 1635 года Ружанамі валодаў Казімір Леон Сапега — малодшы сын усім вядомага Льва Сапегі. Нарадзіўся ён тут жа ў 1609 годзе ў адным з дамоў, якімі ў горадзе тады валодалі Сапегі, замак быў дабудаваны праз два гады пасля яго нараджэння. Толькі ў 1656 годзе ён памірае, пакідаючы спадчыну свайму траюраднаму брату Паўлу Яну Сапегу.

Пры Казіміры Леоне Сапегу пачаўся перыяд росквіту Ружан. У дакументах узгадваюцца 9 прамых вуліц. Вось некаторыя з іх: Жыдоўская, Астроўская, Дзевяткоўская, Слонімская, Ласасінская, Брэсцкая, Млынарная і інш. Вакол добраўпарадкавалі пад’язныя дарогі. У цэнтры мястэчка размясціўся новы рынак, вакол якога падняліся каменныя дамы. І да 1687 года ў Ружанах налічвалася ўжо 427 дамоў.

І, вядома ж, падзея атрымання Ружанамі Магдэбургскага права — гэта велізарная заслуга Казіміра Леона.

Магдэбургскае права давала гарадам магчымасць самастойна забіраць органы ўлады, не залежаць ад князя або караля. Вядома, што дадзенае права было падаравана мястэчку як заахвочванне для развіцця горада і як узнагароджанне мяшчанам за іх заслугі. Магдэбургскае права давала грамадзянам асаблівыя правы і абароны, пазбаўляла ад выпадковага пакарання без суда дасведчаных гараджан, абараняла іх маёмасць і інтарэсы. Кажучы іншымі словамі, яно было своеасаблівым адлюстраваннем ідэі «дзяржавы ў дзяржаве».

Асноўнае памяшканне ратушы — магістрацкая зала. Адзначым, што ў ратушах магістрат не проста засядаў, ён дзейнічаў і як выбарны орган гарадскога самакіравання, і тут жа праходзілі суды, знаходзіліся архіў з кнігамі адміністрацыйных прадпісанняў рады і яе судовых рашэнняў, граматы з прывілеямі, выдадзенымі гораду, канцылярыя, гарадская казна, пячатка, эталоны мер і вагаў. У падвалах ратушы захоўваліся супрацьпажарны інвентар і зброя для гарадскога апалчэння. Турма і пакой для варты размяшчаліся тут жа.

На жаль, падрабязных звестак наконт Ружанскай ратушы не захавалася, пра яе існаванне мы ведаем дзякуючы згадкам у дакументах тых часоў і малюнку ў праекце рэканструкцыі будынкаў цэнтра Ружан Яна Самуэля Бэкера другой паловы ХVIII-га стагоддзя. Звярніце ўвагу на яе памеры і архітэктуру.

І ўлічым некаторыя малазнаёмыя факты…

З больш як 120 гарадоў у ВКЛ, якія карысталіся Магдэбургскім правам, на тэрыторыі сучаснай Беларусі знаходзілася больш за 90. Адным з іх сталі Ружаны.

І хоць кожны паважаючы сябе магістрат стараўся ўзвесці ратушу, каб у ёй і засядаць, але ратуша, пабудаваная тут, аказалася адным ці не з 25-ці ўзведзеных падобных будынкаў. Згадзіцеся, што для цэлай дзяржавы гэта зусім няшмат, і тым больш прыемна ўсведамляць, што адна такая ратуша знаходзілася ў нашым мястэчку. Ці не падстава гэта для гонару за сваю малую радзіму?

Алена Паляшчук, навуковы супрацоўнік Ружанскага палацавага комплексу роду Сапегаў