Хутка сваё 140-годдзе адзначыць пружанскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта адзіны каталіцкі храм у нашым райцэнтры, калі не лічыць капліцу на могілках, пры гэтым з даволі таямнічай гісторыяй.


Нагадаем, што старажытны касцёл, асвечаны ў гонар Сігізмунда і Вацлава (сёлета адзначаецца роўна 500 гадоў з часу яго будаўніцтва), размяшчаўся прыкладна на месцы цяперашняга ўнівермага. У XIX стагоддзі паўстала пытанне будаўніцтва новага храма. Яно і пачалося побач са старым касцёлам. Але пасля падаўлення паўстання 1863 года незавершаны будынак быў у каталікоў адабраны і перададзены праваслаўным. Так у Пружанах з‘явілася Прачысценская царква. Старажытны касцёл згарэў, і каталіцкія вернікі ўсё ж атрымалі дазвол на ўзвядзенне новага. Яно пачалося ў 1878 годзе, а ў верасні 1884-га храм, выкананы ў стылі неакласіцызму, асвяцілі.
Няпростыя часы для касцёла былі ў перыяд барацьбы з рэлігіяй. З 1951 года культавая ўстанова выконвала ролю гарадскога Дома культуры, некаторы час тут мясцілася і дзіцячая бібліятэка. З пачаткам суверэннага існавання Беларусі склаліся ўмовы для адраджэння апаганеных святынь. З 1991 года ў Пружанах сталі рабіцца захады па вяртанні касцёльнага будынка вернікам. Гэта адбылося ў 1993 годзе, а канчаткова датай новага нараджэння пружанскага касцёла можна назваць 1998 год. Ва ўрачыстасцях з нагоды яго адкрыцця ўдзельнічаў чалавек, які калісьці пакідаў святыню пад прыцэламі зброі, — кардынал Казімір Свёнтак.
Падрабязней пра гісторыю касцёла можна прачытаць тут: http://www.budni.by/?p=4584.
Падрыхтавала Ірына Сядова
Фота «да» — пружанскі касцёл на паштоўцы 1916-1918 гадоў, фота «пасля» — ён жа праз 100 гадоў, здымак з архіва рэдакцыі.