Вторник, 14 января 2025

Праект «Бацькаўшчына». Прачысценская царква ў Шарашэве

412

Давайце паспрабуем уявіць тыя часы, калі ўнушальная Свята-Мікалаеўская царква ў г.п. Шарашэва была толькі прыпісной да мясцовага прыходскага Прачысценскага храма. А так сапраўды было. Пабудаваная ў 1873 годзе каменная «мураўёўка» (сёлетняй вясной шырока адзначалася 150-годдзе яе закладкі), дапамагла разгрузіць маленькую драўляную цэркаўку. Напрыканцы XIX стагоддзя было тут больш за 6000 прыхаджан — жыхароў Шарашэва і двух дзясяткаў навакольных вёсак.

Праіснавала Прачысценская царква роўна 200 гадоў — у 1760-м была пабудавана, у 1960-м зачынена. Як памяць пра яе засталася званіца, узведзеная ў 1799 годзе. Зараз здалёк едуць экскурсанты, каб паглядзець на помнік драўлянага дойлідства, дакрануцца да шурпатых драўляных сцен. Гэтыя сцены памятаюць і нашэсце напалеонаўскіх войскаў, і братанне мясцовых жыхароў з паўстанцамі з атрадаў Каліноўскага, і шмат іншых падзей. Каля іх узносіў шчырую малітву святар і вучоны Міхал Баброўскі, які жыў і служыў у Шарашэве з 1833 года да самага свайго скону ў 1848-м. Дарэчы, менавіта Баброўскі адкрыў для грамадскасці імя Францішка Скарыны, стаў першым даследчыкам яго дзейнасці. А апошнім святаром Прачысценскай царквы ў Шарашэве стаў Павел Валынцэвіч, адзін з пачынальнікаў беларускай фатаграфіі.

Падрыхтавала Ірына Сядова