Суббота, 18 января 2025

Праект «Бацькаўшчына». Першая праваслаўная царква ў Пружанах

643

Год 1473. Чым увайшоў ён у гісторыю? У гэтым годзе пачалося будаўніцтва вядомай усяму свету Сіксцінскай капэлы ў Ватыкане. Менавіта тут праходзяць канклавы — выбары папы рымскага. 21-гадовы Леанарда да Вінчы скончыў навучанне і атрымаў кваліфікацыю майстра-мастака. Нарадзіўся сусветна вядомы польскі вучоны і астраном Мікалай Капернік…

Царква Нараджэння Хрыстова на плане Пружан 1803 года (пазначана стрэлкай). Насупраць — касцёл Сігізмунда і Вацлава.

І ў тым жа годзе сярод дабучынскіх лясоў, ва ўладаннях князя Івана Кобрынскага, куды той прыязджаў на паляванні і дзе ўжо на вытоках Мухаўца быў пабудаваны княскі двор, узвялі праваслаўную царкву і асвяцілі яе ў гонар Нараджэння Хрыстова. Такім чынам Іван Сямёнавіч з жонкай Феадорай імкнуліся ўвекавечыць свае імёны. Неўзабаве бяздзетны князь памёр, будучыя Пружаны (лічыцца, што яшчэ больш за сотню гадоў яны насілі назву Дабучын) пачалі пераходзіць з рук у рукі, а царква — засталася. Яна размяшчалася ў цяперашнім цэнтры горада, прыкладна на месцы дома «пад купалам» (гэта бачна на плане Пружан 1803 года).

Старажытная драўляная царква прастаяла больш за 400 гадоў, звестак пра тое, што яна значна перабудоўвалася, няма. Умелі будаваць нашы продкі. За гэты час Пружаны атрымалі Магдэбургскае права і зноў пазбавіліся яго, разрасліся, займелі яшчэ два праваслаўныя храмы: Свята-Аляксандра-Неўскі, пабудаваны ў 1866 годзе, і Прачысценскі, узведзены ў 1882-м. Пажар, які здарыўся ў 1890 годзе, значна пашкодзіў будынак. Стары храм 10 гадоў пуставаў, а потым быў адрамантаваны, і напачатку ХХ стагоддзя тут размясцілася школа-царква для дзяўчынак. У гады першай Сусветнай вайны і акупацыі Пружан немцамі гэтая частка горада была занята пад аўтапарк сувязі. Дзякуючы гэтаму, захавалася фатаграфія, зробленая ў 1916 годзе.

Так выглядаў будынак царквы Нараджэння Хрыстова ў перыяд 1916-1918 гг.

Падчас польскага ўладарання ў будынку царквы зрабілі магазін гаспадарчых тавараў. У 1941 годзе згарэла царква на гарадскіх могілках, і нямецкія акупанты дазволілі вернікам перанесці стары храмавы будынак з цэнтра горада на вул. Горка. Там ён і прастаяў яшчэ 40 гадоў, пакуль у 1980-х не згарэў.

Ірына Сядова