Среда, 15 января 2025

Праект «Бацькаўшчына»: па слядах аперацыі «Баграціён» прайшла экскурсія, арганізаваная раённым аб’яднаннем прафсаюзаў

370

23 чэрвеня 1944 года ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны пачалася буйнамаштабная наступальная аперацыя «Баграціён». Яна лічыцца самым вялікім ваенным наступленнем за ўсю гісторыю чалавецтва. У ходзе гэтай аперацыі была вызвалена тэрыторыя Беларусі (у тым ліку і наша Пружаншчына), а таксама частка Польшчы і Прыбалтыкі. На жаль, шэраг палітыкаў зараз імкнецца пра гэта забыць.

Войскамі 3-га, 2-га і правага крыла 1-га Беларускіх франтоў 3 ліпеня быў вызвалены Мінск. Менавіта гэтая слаўная дата і лягла ў аснову адліку новага ўсебеларускага часу: 25 гадоў таму Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам яна была абвешчана Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Каб непасрэдна далучыцца да падзей 78-гадовай даўніны, на свае вочы пабачыць месцы былых баёў, аддаць даніну памяці людзям, якія сваёй крывёй і потам здабывалі свабоду ад фашысцкіх захопнікаў, у мінулую суботу даволі вялікая група прадстаўнікоў пярвічных прафсаюзных арганізацый раёна пабывала з экскурсійнай паездкай у Мінску і Мінскай вобласці.

Арганізавала такую экскурсію па святых для кожнага з нас месцах старшыня Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук. Прадстаўнікі пярвічак райспажыўтаварыства, КУВП «Камунальнік», Пружанскага філіяла РУП «Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры», аўтапарка №11, райвыканкама, рэдакцыі наведалі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, мемарыяльныя комплексы «Хатынь» і «Курган Славы».

Скажу крыху ад сябе, што раней, калі яшчэ быў памочнікам дэпутата Парламента, мне пашчасціла пабываць у музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яго мы наведалі разам з групай лепшых вучняў Кармянскага раёна Гомельскай вобласці па запрашэнні дэпутата. А вось гістарычныя і сусветна вядомыя мемарыяльныя комплексы, дзякуючы прафсаюзам Пружанскага раёна, удалося наведаць упершыню. І хоць зараз мемарыял у Хатыні ў большай сваёй частцы знаходзіцца на рэканструкцыі, тут таксама будуецца музей спаленых вёсак і вязняў канцлагераў, трапяткія пачуцці ніколькі не былі меншыя. Кожныя 30 секунд тутэйшае наваколле абуджаюць званы Хатыні, на месцы кожнай са спаленых хацін уяўляюцца постаці іх жыхароў, а калі прыслухацца, то ў шчабятанні птушак можна адчуць дзіцячыя галасы.

Гэтае па-сапраўднаму святое месца ўвабрала ў сябе боль і жахі, бяду ўсіх спаленых вёсак Беларусі, слёзы знішчаных там жыхароў. Удзельнікі экскурсіі міжволі ў вялікім спісе мемарыяла адшуквалі назвы вёсак, знішчаных фашыстамі ў Пружанскім раёне. Іх там нямала, і пасля рэканструкцыі, як нам паведамілі, гэты спіс папоўніцца новымі назвамі. Сам жа комплекс абновіцца, прадстане перад наведвальнікамі яшчэ ў больш велічным абліччы.

Не менш значным было наведванне мемарыяльнага комплексу «Курган Славы» — рукатворнага помніку, які нагадвае пра подзвіг савецкіх войскаў пры разгроме фашыстаў падчас стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён».

Будаўніцтва кургана пачалося 20 лістапада 1967 года. Разам з прафесійнымі будаўнікамі ва ўзвядзенні помніка прынялі ўдзел тысячы жыхароў Мінска і Мінскай вобласці, ваеннаслужачыя.

Урачыстае адкрыццё Кургана Славы адбылося ў 25-ю гадавіну вызвалення Беларусі — 5 ліпеня 1969 года. Помнік размешчаны ў Смалявіцкім раёне, на 25-м кіламетры аўтамагістралі Мінск — Масква. Яго вышыня — 35 метраў. На вяршыні ў цэнтры назіральнай пляцоўкі — чатыры абеліскі ў форме штыкоў, што сімвалізуюць чатыры франты, якія вызвалілі Беларусь летам 1944 года, каменнае кальцо з выявамі салдат розных родаў войскаў і партызанаў. Да аглядальнай пляцоўкі вядуць дзве лесвіцы па 241 прыступцы кожная. На схіле — мемарыяльная пліта з надпісам: «У Кургане Славы жменя да жмені лягла зямля з гарадоў-Герояў і іншых месц жорсткіх баёў, з гарадоў і вёсак, якія навек праславілі сябе ратнымі і працоўнымі подзвігамі дзеля свабоды і незалежнасці Савецкай Радзімы».

Узняцца на самую вяршыню было крыху страшнавата, міжволі кружылася галава. Яшчэ больш сэрца сціскалася, калі трэба было спускацца. Але ўсе гэтыя невялічкія страхі — нішто ў параўнанні з жахамі тых баёў, якія тут адбываліся.

«Памяць зямлі беларускай» — такую назву носяць экскурсійныя туры, якія арганізоўваюць прафсаюзы. Спадзяюся, што такога роду экскурсіі будуць праходзіць і надалей. Яшчэ столькі цікавага і запаведнага ёсць у нашай прыгожай і любімай Беларусі.

Віктар Ільюшчанка, фота аўтара