Яшчэ адзін цудоўны куточак Пружан, адлюстраваны на паштоўках больш чым 100-гадовай даўнасці, — месца зліцця рэчкі Муха і канала Вец. У 2003 годзе тут устаноўлена кампазіцыя, якая стала візітнай карткай нашага горада. Аўтарам яе з‘яўляецца брэсцкі скульптар Аляксей Паўлючук.
[sciba leftsrc=»http://www.budni.by/wp-content/uploads/2022/03/20220316_IMG_5749_0146.jpg» leftlabel=»» rightsrc=»http://www.budni.by/wp-content/uploads/2022/03/Pruzany_Muchaviec._Пружаны_Мухавец_1917.jpg» rightlabel=»» mode=»horizontal» width=»»]
Менавіта гэтае месца, згодна з шэрагам паданняў, і надало гораду яго імя. Тут варта ўзгадаць знакамітую гісторыю пра вадзянога змея, які паглынуў дзіця ўладальніка горада («пажраў» яго). Слова «Пажарла» пазней пераўтварылася ў «Пружаны».
А вось якую легенду прыводзіць беларускі мовазнаўца А. Ненадавец. Ён апавядае пра падарожжа каралевы Боны з сынам па ўласных уладаннях. Падарожнікі чулі пра страшэннага змея, што жыве ў рацэ, аднак толькі смяяліся з гэтых аповедаў. Калі ж каралеўскае войска ўступіла на мост, ён праваліўся, і залатая карэта з сынам каралевы звалілася ў раку. У гэты час водная прастора ўздрыганулася і з яе высунулася агромістая раззяўленая пашча змея. Ахоўнікі кінуліся ў ваду, каб выратаваць каралевіча, і ўсе загінулі.
Пасля гэтага жудаснага выпадку да Боны з’явіўся ваяр Янка. Ён абяцаў вызваліць каралевіча, калі той яшчэ жывы, а змея забіць.
Дзеля такой справы ён загадаў запрудзіць раку, каб сышла вада. Янку-асілку ўдалося забіць змея і выратаваць маленькага сына Боны. Шчаслівая маці аддала Янку ўсе землі ўздоўж ракі ў вечнае карыстанне. І месца гэта назвалі Пруджана.
Каралева Бона нездарма фігуруе ў якасці гераіні легенд. У пачатку XVI ст. менавіта яна ўладарыла горадам Пружаны. А дзве запруды сапраўды змяшчаліся на вытоках Мухаўца ў той час, калі ў гэтым месцы знаходзіўся «двор» князя Івана Кобрынскага.
Ірына Сядова, Наталля Пракаповіч.
Фота «да» — паштоўка 1916-1918 гг., фота «пасля» зроблена Кацярынай Масік
