Среда, 19 февраля 2025

Праект «Бацькаўшчына»: Курган Славы каля Ружан

787

Памятныя мемарыяльныя комплексы, прысвечаныя падзеям самай трагічнай і кровапралітнай вайны 1941-1945 гадоў, ёсць у кожным кутку нашай Беларусі. Шмат іх і на Ружаншчыне.

За два кіламетры ад Ружан (па трасе Ружаны-Ваўкавыск) знаходзіцца асаблівы помнік — Курган Славы. Мяне заўсёды цікавіла гісторыя яго стварэння: калі ён узнік і чаму побач з ім стаіць танк?

Пазней даведалася, што на подступах да Ружан у чэрвені 1941 года ішлі страшныя баі, падчас якіх савецкія воіны нанеслі значныя страты нямецка-фашысцкім захопнікам. Тут ваявалі 22-я і 25-я танкавыя дывізіі. Да 30 чэрвеня чырвонаармейцы стрымлівалі націск гітлераўцаў, знішчылі некалькі дзясяткаў варожых танкаў, аднак і самі панеслі значныя страты. Астанкі 127 савецкіх воінаў былі перапахаваны ў брацкай магіле.

Пасля вайны, у 1967 годзе, на месцы пахавання загінулых воінаў сіламі жыхароў пасёлка быў насыпаны Курган Славы, больш за шэсць метраў вышынёй. А ў памяць аб 22-й і 25-й танкавых дывізіях на жалезабетонным пастаменце быў устаноўлены танк Т-34. Вяршыню кургана вянчае пяціканцовая зорка. На пастаменце і на схіле насыпу ўмураваны мемарыяльныя дошкі з памятнымі надпісамі і імёнамі загінулых.

Паліна Жэбіт, вучаніца Ружанскай СШ. Фота з архіву рэдакцыі