Сярод шматлікіх калекцый у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» захоўваецца калекцыя, прысвечаная пісьменніку, мастаку, навукоўцу, музыканту Юзафу Ігнацы Крашэўскаму, дзяцінства якога прайшло ў вёсцы Доўгае на Пружаншчыне. 28 ліпеня споўнілася 210 гадоў з дня нараджэння знакамітасці.
З гэтай нагоды брэсцкія мастакі Сяргей Казак і Ігар Раманчук падарылі палацыку два партрэты Крашэўскага.
Юзаф Ігнацы Крашэўскі быў неверагодна плённым пісьменнікам. Ён стварыў больш за 220 раманаў, каля 150 апавяданняў, навел і замалёвак. І гэта далёка не ўся яго літаратурная спадчына. З-пад яго пяра выйшлі драматургічныя творы, кнігі з апавяданнямі пра падарожжы і ўспаміны, тамы публіцыстыкі на грамадска-палітычныя тэмы, больш за 20 тамоў навуковых прац па гісторыі Польшчы і Літвы, гісторыі літаратуры і культуры, мовазнаўства і этнаграфіі; зборнікі паэзіі, у тым ліку тры вялікія тамы эпасу «Анафеляс» пра гісторыю старажытнай Літвы; 21 перакладны твор з пяці моў (англійскай, французскай, латыні, нямецкай і італьянскай), 42 рэдактарскія і журналісцкія работы.
Акрамя таго, Юзаф Ігнацы быў мастаком, кампазітарам, сур’ёзным калекцыянерам гравюр, малюнкаў, медалёў і графікі.
«Я быццам не літаратар і не мастак, хоць пішу шмат і люблю прыгажосць, я чалавек свайго стагоддзя і сын свайго народа», — пісаў Крашэўскі пра сябе.
Кожнага, хто хоча пазнаёміцца з творчасцю Юзафа Ігнацы Крашэўскага, запрашаем наведаць экспазіцыю «З Доўгага — у свет».
Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»