Среда, 19 февраля 2025

Праект «Бацькаўшчына»: будынак першай аптэкі — сучасны «Прэстыж»

518

Першая аптэка ў Пружанах была адкрыта ў 1828 (па іншых звестках — у 1811) годзе. Пэўны час існавала меркаванне, што менавіта гэты зялёны будынак на вуліцы Савецкай, дзе цяпер месціцца Дом быту «Прэстыж», — першапачатковы. І цяпер у сетках інтэрнэт можна сустрэць захоплены пост аматара старажытнасці: «Добра захаваўся!». Тым больш і памятная дошка на доме вісіць. Але на самай справе гэты будынак з’явіўся толькі ў 1891 годзе. Верагодна, сапраўды на месцы першай аптэкі.

У той час кіраваў установай сын першага пружанскага правізара Вікенція Юркоўскага, які памёр у 1852 годзе, Антоній. На другім паверсе размяшчаліся жылыя пакоі ўладальніка, на першым гатаваліся і прадаваліся лекі. Між іншым, у 1893 годзе пружанская аптэка была ўключана ў даведнік найбольш вядомых аптэчных устаноў дарэвалюцыйнай Расіі.

Але немаладому ўжо гаспадару стала цяжка працаваць аднаму. Некаторы час арандаваў установу і кіраваў ёй Іпаліт Касінскі, а напачатку 20-га стагоддзя на наступныя амаль чатыры дзесяцігоддзі справу ў свае рукі ўзяў правізар Вікенцій Вікенцьевіч Кржывапіша.

Аптэка ў гэтым будынку існавала і пасля Вялікай Айчыннай вайны — ажно да 1970-х гадоў, калі пераехала ў ніжні ярус новапабудаванай пяціпавярхоўкі па вул. Кастрычніцкай. Некаторы час будынак належаў школе мастацтваў, тут знаходзіўся музей Рыгора Раманавіча Шырмы. Калі ж і юныя музыкі змянілі адрас, гаспадарамі былой аптэкі сталі работнікі сферы бытавога абслугоўвання. Прыемна, што на знешні выгляд гістарычнага будынка ўсе гэтыя перастановы не паўплывалі.

Падрыхтавала Ірына Сядова

Фота «да» — зроблена ў 1960 г., фота «пасля» зрабіла Кацярына Масік у 2021 г.