Суббота, 12 октября 2024

Пружанскія медыкі рэалізуюць на тэрыторыі раёна праект «Анкапатруль галавы і шыі»

636

У Брэсцкай вобласці, як і ў Рэспубліцы Беларусь у цэлым, адзначаецца пастаянны рост колькасці новавыяўленых выпадкаў злаякасных новаўтварэнняў, у тым ліку і галавы і шыі.

У наш час востра стаіць пытанне ранняй дыягностыкі пухлін галавы і шыі, каля 50% злаякасных новаўтварэнняў дадзенай лакалізацыі выяўляецца ў апошняй стадыі. У сувязі з гэтым яшчэ з 2021 года ва ўстановах аховы здароўя Брэсцкай вобласці, а ў Рэспубліцы Беларусь з 2022 года, рэалізуецца Праграма ранняга выяўлення перадпухлінных захворванняў і злаякасных новаўтварэнняў галавы і шыі.

На сённяшні дзень для Брэсцкай вобласці асабліва актуальна праблема раку паднябенных міндалін. Сярод усіх пухлін поласці рота і глоткі рак паднябенных міндалін складае больш за 28%.

У сувязі з гэтым з 3 студзеня 2024 года ў Рэспубліцы Беларусь рэалізуецца праект «Анкапатруль галавы і шыі». Яго галоўная мэта — паляпшэнне ранняй дыягностыкі, інфармаванне насельніцтва раёна па пытаннях прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння злаякасных новаўтварэнняў галавы і шыі, актывізацыя работы па прапагандзе здаровага ладу жыцця сярод насельніцтва ў дадатак да планавай работы па ранняй дыягностыцы.

У праекце задзейнічаны працоўныя калектывы прадпрыемстваў ва ўзросце ад 50 гадоў.

— Сярод гэтай катэгорыі асоб ажыццяўляецца анкетаванне, па выніках якога з пацыентамі праводзіцца кансультацыя ўрачоў-спецыялістаў, а пры найменшых падазрэннях — даабследаванне, пры неабходнасці — накіраванне пацыентаў у Брэсцкі абласны анкалагічны дыспансер, — расказвае ўрач-атарыналарынголаг ЦРБ Вольга Курачынская. — Мы выязджаем на перасоўным ФАПе, прымаем пацыентаў на працягу рабочага дня. На мінулым тыдні прыязджалі ў КУВП «Камунальнік» (на здымку), за дзень звярнулася 25 чалавек, 4 з якіх былі накіраваныя на даабследаванне ў ЦРБ.

Мэта гэтага праекта — прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы анкалагічных захворванняў галавы і шыі, павысіць дасведчанасць людзей аб фактарах, якія садзейнічаюць развіццю раку, і магчымасцях ранняй дыягностыкі злаякасных новаўтварэнняў галавы і шыі.

І памятайце: чым раней будзе выяўлена захворванне, тым вышэй шанец на выратаванне і далейшую магчымасць жыць без страху.

Калі вы жадаеце арганізаваць дадзеную акцыю ў сваёй арганізацыі, тэлефануйце па нумары +37529-781-09-42.

Падрыхтавала Ірына Велясевіч

Фота аўтара