Воскресенье, 19 января 2025

Прадстаўнікі раённага аддзялення Беларускага фонду міру і аб’яднання прафсаюзаў павіншавалі з надыходзячымі святамі пацыентаў Сухопальскай і Ружанскай бальніц

387

Навагоднія цуды павінны знаходзіць не толькі дзяцей, але абсалютна кожнага чалавека. Нават тых, каму зараз цяжка, каго напаткалі выпрабаванні, хто воляй лёсу застаўся адзінокім.

На мінулым тыдні часцінку навагодняга настрою пацыентам Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду і тым, хто знаходзіцца на сацыяльных ложках Ружанскай гарадской бальніцы, падарылі прадстаўнікі раённага аддзялення Беларускага фонду міру і раённага аб’яднання прафсаюзаў.

Пастаяльцы Сухопальскай бальніцы сустрэлі гасцей у прыўзнятым настроі. Як пасля прызналася загадчыца Ірына Фурса, усе 25 пацыентаў іх вельмі чакалі. І гэта якраз той выпадак, калі сустрэча становіцца жаданай не столькі з-за падарункаў, колькі з-за ўвагі, цёплых слоў і шчырых пажаданняў.

У кожнага з тых, хто вымушаны быў аказацца ў гэтай бальніцы, – свой, асаблівы лёс. Як і боль у кожнага свой. Самаму сталаму пацыенту сёння – 92, самаму маладому – крыху больш за 50 гадоў. Некаторыя прыязджаюць сюды на кароткі час: перазімаваць. Ёсць і тыя, хто затрымліваецца намнога даўжэй. Медыцынскія работнікі стараюцца стварыць для сваіх падапечных максімальна камфортныя ўмовы, а яшчэ захаваць у іх веру ў дабрыню і, канечне, навагоднія цуды.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў і раённага аб’яднання Беларускага фонду міру Мікалай Кудравец дзякаваў людзям за іх аптымізм і нязломнасць, за шчырую працу, дзякуючы якой развіваўся наш раён. Мікалай Пятровіч пажадаў усім, для каго бальніца фактычна стала другім домам, моцнага здароўя, даўгалецця і сіл. Таксама нагадаў, што дзяржава ніколі не забываецца пра пажылых людзей, таму функцыянаванне такіх бальніц і іх наведванне прадстаўнікамі ўлады, нераўнадушнымі людзьмі проста неабходнае. Падзяліўся Мікалай Кудравец і планамі: прыкладна ў 2023 годзе плануецца адкрыць аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых людзей у аг. Лыскава.

Мікалай Кудравец уручае тэлевізар загадчыцы Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду Ірыне Фурса

Каб пацыенты бальніцы заўсёды былі ў курсе ўсіх сусветных падзей, ведалі, што адбываецца ў краіне і вобласці, раённае аддзяленне Фонду міру набыло для іх сучасны тэлевізар: стары тэлепрыёмнік стаў падводзіць, таму новы быў вельмі дарэчы. Лідар аб’яднання ўручыў яго загадчыцы бальніцы. Падарунак заняў месца ў спецыяльным тэлепакоі.

Узнялі настрой людзей салодкія падарункі, віншаванне ад Дзеда Мароза і Снягуркі і невялікая віншавальная праграма ад Сухопальскага сельскага клуба-бібліятэкі.

Пасля яе завяршэння загадчыца бальніцы сястрынскага догляду ад імя ўсіх пацыентаў падзякавала гасцям за ўвагу і падарункі.

Мы зрабілі невялікую экскурсію па бальніцы, наведалі і харчаблок. Там убачылі новыя газавыя пліты, якія сёлета таксама сталі падарункам медустанове ад раённага аддзялення БФМ і прадпрыемства «Брэстгазаапарат». Ірына Уладзіміраўна звярнула ўвагу, што падобныя акцыі – ужо традыцыйныя.

— Госці ў нас бываюць не толькі напярэдадні навагодніх і калядных свят, але і перад Вялікаднем. З радасцю нашы пацыенты сустракаюць прадстаўнікоў улады і грамадскіх аб’яднанняў. Заўсёды з канцэртам прыязджаюць члены Таварыства Чырвонага Крыжа. Са святочнай праграмай летась завіталі да нас вучні Мураўскай СШ, а сёлета яны рыхтуюць сувеніры, — расказала Ірына Фурса.

З Сухопаля святочны рэйс адправіўся ў Ружанскую гарадскую бальніцу. Сёння тут дзесяць сацыяльных ложкаў у тэрапеўтычным аддзяленні. Па словах галоўнага ўрача Андрэя Зыбко, пустым хаця б адзін з іх бывае даволі рэдка. Заняты ложкі былі і зараз. А яшчэ па ўсім было відаць, што пацыенты не чакалі такой увагі. Можа, таму нават мужчыны не маглі стрымаць эмоцый і плакалі?

А яшчэ і ў Сухопалі, і ў Ружанах часцей за іншыя словы гучала «дзякуй». І было гэта вельмі шчыра, што чыталася ў вачах людзей, якіх чамусьці зусім не хочацца называць бабулямі і дзядулямі. Веры вам, шаноўныя, моцнага здароўя і здзяйснення ўсіх вашых мар у новым годзе!


Найбольш значныя справы раённага аддзялення Беларускага фонду міру ў 2021 годзе:

  • перадзены дзве газавыя пліты Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду,
  • аказана дапамога Пружанскай ЦРБ на набыццё тэлевізара ў палату ветэранаў вайны і працы,
  • выдаткаваны сродкі на набыццё сродкаў індывідуальнай аховы для абласной бальніцы «Магілёўцы»,
  • набыты і размешчаны на тэрыторыі раёна два банеры «Шчасце жыць у мірнай краіне»

Уладзіслаў Шпарла, фота аўтара

Больш здымкаў: https://ok.ru/budni/album/932745599624