З пачатку года на тэрыторыі Пружанскага раёна зарэгістравана 35 пажараў, на іх загінула 8 чалавек. Амаль усе загінулі па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні ў стане алкагольнага ап’янення. За аналагічны перыяд мінулага года была зарэгістравана гібель двух чалавек.

У мінулую суботу прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з работнікамі абласнога ўпраўлення зладзілі рэйд па вёсках Пружанскага сельсавета.

Мэты мерапрыемства патлумачыў начальнік цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю абласнога ўпраўлення МНС Барыс Васіленка: «Рэйд праводзіцца з наступленнем пажаранебяспечнага перыяду. У яго ходзе работнікамі правяраецца жыллё на выяўленне парушэнняў правілаў бяспекі, у прыватнасці, пры выкарыстанні пячнога ацяплення, таксама правяраецца стан электраабсталявання, таму што з наступленнем халадоў ідзе перагрузка электрасетак».

У рамках рэйду ратавальнікі ацэньвалі пажарную бяспеку жылых дамоў, праводзілі прафілактычныя гутаркі, уручалі памяткі і брашуры, рэкамендавалі ўсталёўваць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.

У Жадзенах работнікі МНС трапілі ў два суседнія дамы: адзін належаў грамадзяніну, які вядзе асацыяльны лад жыцця, другі — былой настаўніцы. Першая хата паўстала перад наведвальнікамі ва ўсім сваім неахайным выглядзе, у той жа час дагледжаны падворак насупраць уразіў прывабнасцю. Такія яны, кантрасты вясковага жыцця. Але ж нядбайнасць аднаго жыхара можа пагражаць і бяспецы суседзяў.
У выніку ў пажаранебяспечным жыллі за кошт Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства быў усталяваны аўтаномны пажарны апавяшчальнік (усяго на тэрыторыі Пружанскага сельсавета было ўсталявана 9 такіх прыбораў).

— Мы стараемся працаваць з усімі катэгорыямі грамадзян, але асаблівы ўпор робім на адзінока пражываючых пажылых людзей, інвалідаў, шматдзетныя сям’і, сем’і ў сацыяльна небяспечным становішчы, не абыходзім увагай людзей, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, — кажа начальнік Пружанскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Рыгор Рашанок.
Таксама прынялі ўдзел у рэйдзе прадстаўнікі сельвыканкама, энерганагляду, Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства, ветэраны органаў падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях.

Аляксандр Яроцкі — ветэран, 25 гадоў жыцця аддаў структуры МНС. Зараз мужчына працуе інжынерам па пажарнай бяспецы ў філіяле «Пружанскія электрасеткі» РУП «Брэстэнерга». Як былы работнік пажарнай службы ён таксама далучыўся да мерапрыемства.
— Дадзеная работа вельмі важная. Трэба звяртаць увагу людзей на неабходнасць своечасовай ліквідацыі недахопаў, тлумачыць, як засцерагчыся ад небяспекі і дзейнічаць у выпадку надзвычайных сітуацый, — кажа ветэран.
Падрыхтавала Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік