Пятница, 17 января 2025

Прадстаўнікі прафсаюза і грамадскіх арганізацый працуюць ва ўчастковых камісіях і ў якасці назіральнікаў на рэферэндуме

585

Актыўны ўдзел у рэферэндуме прымаюць прадстаўнікі пярвічных прафсаюзных арганізацый раёна, а таксама члены РГА «Белая Русь».

Як расказала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук, прафсаюзныя актывісты удзельнічаюць далёка не ў першай выбарчай кампаніі.

— З усіх членаў участковых камісій па рэферэндуме на Пружаншчыне 25,2% — прадстаўнікі прафсаюза. Сярод членаў раённай камісіі прафсаюзных лідараў — 7,7%. Удзельнічаюць прафсаюзы ў рэферэндуме і ў якасці назіральнікаў. Ва ўчастковых камісіях акрэдытавана і працуе 129 чалавек, або 34,7% ад агульнай колькасці. Такім чынам, на кожным участку раёна ёсць прафсаюзны назіральнік. А вось у раённай камісіі — два члены ФПБ, — адзначыла Таццяна Юр’еўна.

Таццяна Гаманчук адзначыла той факт, што на базе ФПБ у Мінску адкрыты грамадскі інфармацыйны цэнтр па назіранні за рэферэндумам. Менавіта сюды сцякаюцца дадзеныя ад больш як 40 тыс. прафсаюзных назіральнікаў з усёй краіны.

— Гэтыя людзі прайшлі неабходнае навучанне. Кожны прафсаюзны назіральнік выдатна ведае свае правы і абавязкі. Знаёмы яны і з заканадаўчымі дакументамі, якія рэгулююць выбарчы працэс і работу камісій, — заключыла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў.


Не застаюцца ўбаку і члены РГА «Белая Русь». Як мы паведамлялі, менавіта гэтая арганізацыя падчас усенароднага абмеркавання праекта Асноўнага Закона адкрыла грамадскую прыёмную. У ёй працавалі член Канстытуцыйнай камісіі Мікалай Кудравец, парламентарый Аляксандр Ляўчук, прафсаюзныя лідары. Таксама функцыянавала «гарачая лінія», праводзіліся гутаркі і акцыі.

Па словах старшыні раённай арганізацыі Таццяны Кашкан, зараз членаў аб’яднання можна ўбачыць непасрэдна на ўчастках. Для работы ў камісіях было вылучана 22 прадстаўнікі «Белай Русі». Усяго ж ва ўчастковых камісіях па ўсім раёне працуе 273 удзельнікі аб’яднання. Што да раённай камісіі, то ў яе афіцыйна вылучылі адну кандыдатуру, а аказалася, што яшчэ сем чалавек – таксама прадстаўнікі арганізацыі.

Падчас рэферэндуму ў раёне працуе таксама 40 назіральнікаў ад «Белай Русі». Такім чынам, як адзначыла Таццяна Кашкан, грамадскае аб’яднанне прадстаўлена амаль на кожным участку Пружаншчыны.

Падрыхтаваў Уладзіслаў Шпарла