Брэсцкі абласны аграпрамысловы саюз кожную вясну праводзіць узнагароджанне пераможцаў конкурсу на званне «Лепшы кіраўнік». Традыцыйна не застаюцца без узнагарод прадстаўнікі галіны АПК Пружаншчыны.

Лепшых кіраўнікоў адзначаюць за дасягненне высокіх паказчыкаў эфектыўнасці работы прадпрыемстваў у галіне сельскай гаспадаркі, перапрацоўкі сельгаспрадукцыі, абслугоўвання сельскай гаспадаркі ў 2022 годзе.
Цырымонію на гэты раз правялі на базе ААТ «Брэсцкі лікёраводачны завод «Белалка». Як адзначыў падчас віншавання лепшых кіраўнікоў першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Валянцін Зайчук, менавіта гаспадаркі, якія дынамічна развіваюцца, ствараюць станоўчы імідж аграрнай сферы Брэсцкага рэгіёна. Пры гэтым у вобласці ўдзяляецца ўвага і не вельмі паспяховым сельгаспрадпрыемствам, многія з якіх з цягам часу дэманструюць нават некаторае нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці.
Конкурс на званне «Лепшы кіраўнік» праводзіцца абласным аграпрамысловым саюзам сярод кіраўнікоў арганізацый – членаў саюза і выклікае вялікую цікавасць у аграпрамысловай супольнасці Брэстчыны.

Па выніках 2022 года другое месца сярод кіраўнікоў малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў заняў дырэктар ААТ «Пружанскі малочны камбінат» Аляксандр Лось. Ганаровай граматай абласнога аграпрамысловага саюза былі адзначаны кіраўнікі, якія ў 2022-м, як і ў мінулыя гады, занялі першыя месцы ў рэйтынгу, набраўшы найбольшую колькасць балаў у сваёй намінацыі, але па правілах конкурсу не могуць быць прызнаны пераможцамі. Сярод іх – Андрэй Бурдук, які ў 2022 годзе ўзначальваў ААТ «Ружаны-Агра». Ён адзначаны сярод кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, у структуры якіх маюцца жывёлагадоўчыя комплексы, птушкафабрыкі, наладжана вытворчасць спіртных напояў. Нагадаем, што цяпер Андрэй Бурдук узначальвае ААТ «Савушкіна пушча» ў Камянецкім раёне.
Удзельнікам цырымоніі ўзнагароджання быў таксама дырэктар ААТ «Мурава» Пётр Білецкі.
Уладзіслаў Шпарла