Среда, 6 ноября 2024

Прадстаўнік упраўлення МПЗ Рэспублікі Беларусь Алена Сакалоўская расказала пра асобныя нюансы дэкларавання падаткаў

236

У Беларусі праходзіць кампанія па дэклараванні фізічнымі асобамі даходаў, атрыманых у 2022 годзе. Нагадаем, што падаць дэкларацыю па падаходным падатку неабходна не пазней за 31 сакавіка 2023 года.

У асобных нюансах, звязаных з гэтай тэмай, разбіраемся разам з галоўным дзяржаўным падатковым інспектарам упраўлення падаткаабкладання фізічных асоб МПЗ Рэспублікі Беларусь па Пружанскім раёне Аленай Сакалоўскай.

— Алена Фамінічна, удакладніце, калі ласка, якія фізічныя асобы павінны падаваць падатковую дэкларацыю па падаходным падатку?

— Дэкларацыю абавязаны падаваць грамадзяне, якія на працягу апошніх пяці гадоў атрымалі даходы ад продажу (або іншага аплатнага адчужэння) больш чым аднаго жылога дома або садовага доміка, машына-месца, зямельнага ўчастка, гаража, больш чым адной кватэры ці дачы, а таксама даходы ад адчужэння іншай маёмасці, незалежна ад яе колькасці і перыяду продажу (напрыклад, офісных, складскіх, гандлёвых аб’ектаў).

Падлягаюць дэклараванню і даходы, атрыманыя за мяжой або з-за мяжы Рэспублікі Беларусь: аплата за працу па найме, даходы ў выглядзе дарэння ад фізічных асоб, якія не знаходзяцца ў блізкай роднасці або сваяцтве, і якія перавысілі ў 2022 годзе 8078 рублёў, выйгрышы ў online-казіно або букмекерскіх канторах, дывідэнды па акцыях замежных кампаній, працэнты па рахунках у замежных банках.

— Які спосаб падачы падатковай дэкларацыі можна назваць найбольш зручным для грамадзян?

— Безумоўна, самым аптымальным з’яўляецца падача падатковай дэкларацыі ў электронным выглядзе праз асабісты кабінет плацельшчыка з выкарыстаннем лагіна і пароля, якія можна атрымаць у падатковым органе па месцы рэгістрацыі ці па месцы жыхарства, або ў асабістым кабінеце плацельшчыка на партале Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь праз міжбанкаўскую сістэму (МСІ) ідэнтыфікацыі «рэгістрацыя праз МСІ».

Звярну ўвагу, што падатковая дэкларацыя падаецца ў падатковы орган незалежна ад месца пастаноўкі на ўлік (месца жыхарства).

— У рэдакцыю паступіла пытанне наконт дэкларавання даходаў ад продажу транспартных сродкаў. Патлумачце, ці давядзецца заплаціць падаходны падатак у тым выпадку, калі ўладальнік прадаў на працягу каляндарнага года легкавы аўтамабіль, матацыкл і грузавік?

— Выплаціць падатак трэба будзе пры ўмове, што на працягу каляндарнага года (з 1 студзеня па 31 снежня) грамадзянін прадаў два і больш легкавыя аўтамабілі. Адзначу, што легкавым лічыцца аўтамабіль, які мае тэхнічна дапушчальную агульную масу да 3500 кг уключна (указваецца ў тэхпашпарце), акрамя таго, у такім транспартным сродку павінна быць не больш за восем пасажырскіх месцаў.

У той жа час падатак давядзецца плаціць і ў тым выпадку, калі на працягу каляндарнага года грамадзянін прадаў адзін аўтамабіль агульнай масай звыш 3500 кг, або адзін аўтамабіль, які мае дзевяць і больш пасажырскіх месцаў, або адзін аўтамабіль, звязаны з яго прадпрымальніцкай дзейнасцю, або два і больш розныя механічныя транспартныя сродкі (напрыклад, адзін легкавы аўтамабіль і адзін матацыкл).

Дарэчы, калі ў адзін дзень грамадзянін прадаў два транспартныя сродкі, ён можа выбраць, за які з іх заплаціць падатак.

— А калі ж падатак на такі даход плаціць не трэба?

— Плаціць падаходны падатак не трэба, калі грамадзянін прадаў толькі адзін легкавы аўтамабіль, які адпавядае названым вышэй характарыстыкам, на працягу каляндарнага года, прычым гэты продаж не звязаны з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасці.

Падаходны падатак таксама не распаўсюджваецца і на даходы ад рэалізацыі транспартнага сродку, атрыманага ў спадчыну (нават калі на працягу каляндарнага года грамадзянін прадаў два легкавыя аўтамабілі, прычым адзін з іх яму дастаўся ў спадчыну).

Калі пакупніком транспартных сродкаў з’яўляецца блізкі сваяк прадаўца, то атрыманыя даходы па агульным правіле падаткам таксама не абкладаюцца.

— У якім памеры выплачваецца падатак з продажу аўтамабіля?

— Стаўка падаходнага падатку пры аплатным адчужэнні маёмасці, у тым ліку аўтамабіляў, складае 13 працэнтаў. Але гэта не значыць, што ўся сума з продажу абкладаецца падаходным падаткам: прадугледжваецца маёмасны падатковы вылік. У дадзеным выпадку з даходу выключаюцца выдаткі грамадзяніна, звязаныя з набыццём і рэалізацыяй аўтамабіля.

Галоўная ўмова — пацвердзіць дакументальна выдаткі, у тым ліку кошт, па якім грамадзянін раней набыў аўтамабіль.

І нават у выпадку адсутнасці дакументаў аб кошце аўтамабіля і магчымасці атрымаць гэтыя звесткі, не трэба будзе плаціць падатак з усёй сумы, атрыманай ад продажу. Падатковае заканадаўства прадугледжвае вылік: 20% ад гэтай сумы можна не абкладаць падаходным падаткам.

— Як жа выплаціць гэты падатак?

— Падаткаабкладанне даходу ад продажу аўтамабіля ажыццяўляецца на падставе падатковай дэкларацыі. Таму, перш за ўсё, трэба не пазней за 31 сакавіка падаць у падатковую інспекцыю дэкларацыю па падаходным падатку. На падставе дэкларацыі падатак неабходна будзе заплаціць не пазней за 1 чэрвеня.

Непадаванне дэкларацыі і нявыплата падатку вядуць да штрафных санкцый.

Гутарыла Вольга Басак