Среда, 19 февраля 2025

Прадаць нельга пакінуць сабе: у дзяржінспекцыі па насенняводстве патлумачылі, хто мае права на рэалізацыю ўласнай сельгаспрадукцыі і насення

340

У рэдакцыю паступілі тэлефанаванні ад нашых чытачоў наконт тлумачэння палажэнняў Закона Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2021 года № 102-З «Аб селекцыі і насенняводстве сельскагаспадарчых раслін». Людзей, у першую чаргу, цікавяць пытанні ажыццяўлення фізічнымі асобамі дзейнасці па вытворчасці і рэалізацыі ўласнай сельгаспрадукцыі, у тым ліку насення сельскагаспадарчых раслін.

Растлумачыць сітуацыю мы папрасілі начальніка Пружанскай раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін Ігара Гаманчука.

— Сапраўды, згодна з названым Законам, забараняецца рэалізацыя насення сельскагаспадарчых раслін асобамі, якія не з’яўляюцца суб’ектамі насенняводства сельскагаспадарчых раслін, гэта значыць, фізічнымі асобамі.

— Ігар Іванавіч, патлумачце, што мы адносім да насення сельскагаспадарчых раслін?
— Згодна з артыкулам 1 Закона, «насеннем сельскагаспадарчых раслін» з’яўляецца ўласна насенне раслін, а таксама саджанцы, плады, цыбуліны, клубні, мерыстэмныя (аздараўленча-пасадачныя) матэрыялы і іншыя генератыўныя і вегетатыўныя часткі сельскагаспадарчых раслін, якія прызначаны для размнажэння (узнаўлення) апошніх.

— Хто мае права на рэалізацыю насення сельскагаспадарчых раслін?
— Рэалізоўваць такое насенне могуць толькі юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія займаюцца насенняводствам сельскагаспадарчых раслін. Пры рэалізацыі насення яго сартавыя і пасяўныя якасці павінны пацвярджацца адпаведнымі дакументамі.

— А калі ўсё ж Закон парушаны фізічнай асобай?
— Пры выяўленні рэалізацыі адпаведнага насення фізічнымі асобамі, якія не з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, будзе складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Штраф можа складаць да 30 базавых велічынь.

— Атрымліваецца, што вырасціў – тое спажывай сам?
— Не зусім так. Пад дзеянне Закона не падпадаюць плады, клубні, расада агароднінных і кветкавых раслін, якія не прызначаны для наступнага размнажэння (узнаўлення). Адпаведна, іх рэалізацыя фізічнымі асобамі Законам не забараняецца. Але тут ёсць адзін нюанс. Продаж на гандлёвых месцах расады агароднінных і кветкавых раслін фізічнымі асобамі можа ажыццяўляцца толькі пры наяўнасці ў іх пасведчання, якое пацвярджае якасць высеянага насення і вырашчанай з яго расады. Пасведчанне можна атрымаць непасрэдна ў пастаўшчыка насення. Гэта гарантуе законную дзейнасць і сумленны прыбытак. А вось продаж расады з насення асабістай вытворчасці забаронены.

Гутарыў Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік