Среда, 15 января 2025

Працягваем чытаць вашы пісьмы

536

Зносіны з чытачамі заўсёды карысныя для журналістаў. І не мае значэння, у якой яны форме: асабістая сустрэча, гутарка па тэлефоне або ліст, атрыманы па пошце. Дарэчы, вялікі стос чытацкіх пісьмаў з пажаданнямі, парадамі і заўвагамі ўжо пачаў «працаваць»: мы не толькі робім агляды напісанага, але і спланавалі шэраг артыкулаў для будучых нумароў.

«Зусім і не адчуваеш, што ты — пенсіянер: родная газета дазваляе быць разам з калегамі, сябрамі, землякамі, — напісалі ў сваім лісце Генадзь Людвікавіч і Таццяна Мікалаеўна Крацы з в. Гарадняны. — Дзякуючы карэспандэнтам «раёнкі» мы даведваемся пра працавітых, таленавітых людзей, на якіх багатая пружанская зямля. Пісаць пра людзей заўсёды няпроста, але адчуваецца, што кожны матэрыял рыхтуецца з душой». Як педагог па прафесіі, Таццяна Мікалаеўна лічыць, што журналістам вельмі важна ведаць, што цікавіць людзей, наладзіць зносіны з жыхарамі ўсіх куточкаў рэгіёна, аналізаваць іх запыты, разважаць і нават спрачацца. Менавіта гэта дасць штуршок да далейшага развіцця. А яшчэ бабуля з дзядулем прызнаюцца, што было вельмі радасна пабачыць на газетных старонках сваю ўнучку Бажэну і праўнучку Анечку.

Тамара Трафімчук.

З задавальненнем чытае артыкулы пра землякоў і Тамара Трафімчук. Асабліва, як прызнаецца жанчына, кранаюць сэрца матэрыялы пра вёску Стараволя, у якой нарадзілася, працаўнікоў ААТ «Велікасельскае Агра», дзе працуе шмат аднавяскоўцаў. Тамара Сцяпанаўна кажа, што падабаецца ёй і старонка «Фазэнда». «Нягледзячы на тое, што 40 гадоў жыву ў Пружанах, усе гэтыя гады саджаю сад-агарод на дачы і прымяняю карысныя парады на практыцы. Але хацелася б тут больш бачыць цікавых ідэй, якія можна ўвасобіць у жыццё сваімі рукамі».

Міхаіл Міхайлавіч Гаранюк прызнаўся, што хоць пісьмо пісала і адносіла ў рэдакцыю жонка, падпіску на газету ўсё ж афармляў ён.

Жыхарка Пружан Ніна Гаранюк крытычна паставілася да работы журналістаў. Яна лічыць, што больш актыўна варта асвятляць вынікі работы за мінулы год: не проста друкаваць справаздачы кіраўнікоў, а канкрэтна паказваць, што і як было зроблена, наколькі якасна і карысна. Таксама Ніна Антонаўна прапануе пры падрыхтоўцы старонак для садаводаў і агароднікаў шырэй карыстацца парадамі вучоных, тым больш што ў горадзе працуюць абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя і праектна-вышукальная станцыя хімізацыі сельскай гаспадаркі. Сярод іншых прапаноў чытачкі — адкрыта публікаваць інфармацыю пра нядбайных уладальнікаў падворкаў, якія псуюць выгляд нашага горада, называць канкрэтныя адрасы і імёны. Тое ж самае рабіць і ў стаўленні да вадзіцеляў, якіх затрымалі ў нецвярозым выглядзе. Адразу адказваем Ніне Антонаўне, а таксама іншым чытачам, якія прапанавалі падобныя меры, што газета кіруецца этычнымі нормамі і патрабаваннямі заканадаўства, якія не дапускаюць публікацыю прозвішчаў рознага кшталту парушальнікаў проста па нашым жаданні. Варта згадзіцца, што часам друкаванае слова аказвае больш моцнае ўздзеянне, чым штраф, але закон ёсць закон.

Алена Давідзюк.

Шмат гадоў пастаяннымі чытачамі «раёнкі» з‘яўляюцца Алена Давідзюк з Пружан і ўся яе сям‘я. «Чытаю газету літаральна ад першай да апошняй літары. Папулярнасць «раёнкі» — гэта сур‘ёзная і карпатлівая праца журналістаў, — піша Алена Аляксееўна. — І асвятляюцца тут, бадай, усе тэмы, якія толькі магчыма ўявіць. І ўсё ж пажаданні ў мяне ёсць. Значная частка вашых чытачоў — гэта пажылыя людзі, жыхары малых, аддаленых вёсак. Свежы выпуск «раёнкі» застаўся для многіх ледзь не адзінай крыніцай мясцовай інфармацыі. А пажылым людзям заўсёды прыемна ўбачыць на газетнай старонцы сябе, сваіх аднавяскоўцаў. Тым больш, яны могуць расказаць гісторыю свайго населенага пункта. А яшчэ — і гэта прапанова не толькі для работнікаў газеты — наладжваць дні сацыяльнай дапамогі жыхарам такіх вёсак. Зараз вельмі папулярныя святы населеных пунктаў, але ж у аддаленай вёсцы, дзе пражывае некалькі чалавек, больш бываюць патрэбны не песні і танцы, а выезд медработніка, цырульніка, спецыяліста па рамонце адзення і абутку».

Падобныя прапановы паступілі і ад жыхаркі аг. Лінова Святланы Папека. «За шмат гадоў працы ў школе я заўважыла, што нашы дзеці лепш ведаюць Афрыку ці Амерыку, чым свой раён, здзіўлена глядзяць, калі пытаешся, дзе знаходзіцца, напрыклад, вёска Труханавічы або Галасяціна, — разважае Святлана Уладзіміраўна. — Таму можна было б зрабіць рубрыку накшталт «Падарожжа ў…», дзе расказваць пра мінулае канкрэтнай вёскі, яе сённяшні дзень, цікавых людзях і славутасці».

І абедзве жанчыны прапануюць ладзіць больш конкурсаў: вершаў, віншаванняў са святамі, розыгрышаў разнастайных сюрпрызаў на дзень горада або дзень нараджэння газеты.

Сваімі ідэямі пра конкурсы падзялілася і Таіса Барылка з Пружан. На думку чытачкі, гэта маглі б стаць конкурсы чытацкіх публікацый і фатаграфій на зададзеную тэматыку. «А каб зрабіць больш грунтоўным і сістэматызаваным асвятленне работы прафсаюзных арганізацый, варта было б выпускаць асобную тэматычную старонку», — разважае Таіса Пятроўна.

Нямала цікавых прапаноў пачулі мы і ад іншых пружанцаў. Напрыклад, Уладзімір Антонавіч Антошак, які выпісвае «раёнку» з 1972 года, просіць больш расказваць пра сямейныя ўзаемаадносіны, звяртацца да праблемы бацькоў і дзяцей. Прыводзіць больш цікавых фактаў пра прыроду і навакольны свет прапануе Валянціна Мікалаеўна Плеска. «Параду дня» на апошняй старонцы кожнага нумара жадае бачыць Лідзія Мікалаеўна Трэбнікава.

Падарунак падчас выязной «лятучкі» атрымлівае Галіна Махвіч.

А Галіна Мікалаеўна Махвіч дбае пра гістарычнае мінулае свайго роднага пасёлка Ружаны. «Асноўнае паданне пра паходжанне яго назвы — пра Ружу і Ганну. Але ж спачатку назва паселішча гучала як «Ражана». Сэнс гэтага слова я зразумела, калі аднойчы ўбачыла вышываныя арнаменты з пазначэннем, што азначае кожны сімвал. Побач ляжалі «Ра» — знак Сонца і «Жа» — знак жыцця. Такім чынам «Ражана» — сонечнае жыццё», — піша жанчына. Дарэчы, падчас выязной рэдакцыйнай «лятучкі», якая прайшла ў Ружанах, мы ўручылі Галіне Мікалаеўне збанок з мёдам, каб жыццё было не толькі сонечным, але і салодкім. Але пра гэтае мерапрыемства — у іншых артыкулах.

Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік і Уладзіслава Шпарлы