Паважаныя падпісчыкі, дарагія сябры! Працягваецца падпіска на газету «Раённыя будні».
На жаль, паміж некаторымі з вас і рэдакцыяй склаліся пэўныя непаразуменні па падпісцы. Яшчэ раз тлумачым, што рэдакцыя вымушана была значна павялічыць кошт падпіскі на 2023 год. Гэта звязана з выдаткамі, якія нясе ўстанова па выдавецкім выпуску раёнкі. Зразумела, што як вы, так і мы вельмі хацелі б, каб цана на газету ніколі не мянялася. Але такое немагчыма.
Вельмі здзівіў ліст ад ананімнай падпісчыцы, якая патрабуе са словам «павінны» для катэгорыі людзей (да якіх і яна адносіцца) з невялікім памерам пенсіі, а таксама для інвалідаў наогул раёнку афармляць па акцыі, гэта значыць, браць спісы, як яна прапануе, у «райсабесе» («тым больш што далёка вам ісці не трэба!»)… і рабіць бясплатную падпіску.
У сувязі з некалькімі скаргавымі зваротамі жыхароў Пружан у райвыканкам, якія былі абураны коштам падпіскі на «раёнку» на 2023 год, ад рэдакцыі было запатрабавана зменшыць для льготнай катэгорыі грамадзян падпісную цану. Мы вымушаны былі адкрыць новы асобны падпісны індэкс для пенсіянераў, шматдзетных сем’яў і інвалідаў 63292. Заўважым, што па ім можна аформіць падпіску толькі на 3 і 6 месяцаў. Тым жа, хто падпісаўся да 8 снежня па старым ільготным індэксе 63294, мы прапануем даволі важкі бонус – адну бясплатную аб’яву, а таксама адно бясплатнае віншаванне. Сярэдняя цана на іх – ад 5,5 рублёў і ад 15 рублёў адпаведна. Вяртанне розніцы кошту па двух індэксах не прадугледжана.
З павагай вашы «Раённыя будні»