Гарачы летні дзень. На ЗСК-80 ААТ «Ружаны-Агра», што знаходзіцца ў Калазубах, адна за адной пад‘язджаюць аўтамашыны, загружаныя збожжам новага ўраджаю. Пасля збору яго трэба дапрацаваць і толькі потым пакласці на захоўванне. Самае галоўнае падчас жніва – не згубіць ні зярнятка. І гэта клопат не толькі камбайнераў і вадзіцеляў, а яшчэ, як аказалася, і ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў.
На свайго роду эксперымент на зернесушыльным комплексе пайшлі летась. Тады на ЗСК-80 упершыню запрасілі студатрад. Работай хлопцаў і дзяўчат засталіся задаволенымі, таму падобную практыку вырашылі працягнуць і падчас жніва-2021.
Чатыры хлопцы і чатыры дзяўчыны працуюць тут з сярэдзіны ліпеня. Іх працоўная змена доўжыцца па сем гадзін (зразумела, не абыходзіцца без смачнага абеду ад повараў гаспадаркі). Адзін тыдзень зранку на комплексе шчыруюць хлопцы, пасля абеду – дзяўчаты. На другім тыдні яны мяняюцца. Задача ва ўсіх аднолькавая: прыбіраць зерне, якое высыпаецца пры адгрузцы, і падтрымліваць парадак на тэрыторыі комплексу.
Падчас наведвання ЗСК-80 у Калазубах мы трапілі на «мужчынскую» змену студатрадаўцаў. Аляксандр Іваноў якраз сярод тых, хто працуе ў студатрадзе другі год.
— Баўлю канікулярны час з карысцю, — гаворыць хлопец. – А яшчэ гэта ўнікальны вопыт. Тут, у студатрадзе, сапраўды вучышся працаваць, завязваеш новыя сяброўствы. Цешыць, безумоўна, і заробак, які атрымаеш.
Дарэчы, не ўсе хлопцы ў будучым мяркуюць звязаць жыццё з сельскай гаспадаркай. Напрыклад, Максім Рыпінскі навучаецца ў Брэсцкім медкаледжы, але магчымасць падзарабіць летам вырашыў не ўпускаць.
Цалкам падтрымлівае моладзь начальнік камбікормавага цэха М.М.Чаргейка.
— Пра наша маладое, няхай і часовае, папаўненне магу сказаць толькі адно: працуюць сумленна і адказна. Праблем ні з хлопцамі, ні з дзяўчатамі не ўзнікае. Калі яны толькі прыйшлі на работу, мы адразу расказалі і паказалі, што ад іх патрабуецца, правялі інструктаж па тэхніцы бяспекі. Цудоўна, што моладзь свой вольны час прысвячае працы, асабліва такой карыснай – на жніве, — падкрэслівае Мікалай Мікалаевіч.
ЗСК-80 у Калазубах у гэтым уборачным сезоне дапрацаваў ужо амаль сем з паловай тысяч тон збожжа. Безумоўна, ёсць у гэтым унёсак студатрадаўцаў. Дарэчы, працаваць у ААТ «Ружаны-Агра» яны будуць да канца жніва.
Студатрад з чатырох байцоў шчыруе ў гэтыя дні і на ЗСК у Малочках. Усяго ж за летні перыяд у гаспадарцы адпрацуе больш за 20 студатрадаўцаў. І, што важна, многія з іх гатовы вярнуцца сюды і ў наступным годзе.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік.