Вторник, 19 мая 2026

Працуе на рэзультат і арыентуе на гэта калег выконваючы абавязкі галоўнага агранома «Агра-Калядзічаў» Сяргей Усік

384

Не перастаём сцвярджаць, што сельская гаспадарка не церпіць гультаёў. Яна трымаецца, і так будзе вечна, на людзях працавітых, адказных і сумленных.

Ці зможа працаваць у вёсцы чалавек, які баіцца запэцкаць рукі ў змазку, ступіць на ўзараную зямлю чыстым ботам, у якога «дух займае» ад пахаў на малочных фермах і комплексах? Не карысць яны прынясуць, а, наадварот, шкоду, заплямяць толькі пачэснае званне хлебароба. Іншая справа, калі праца на роднай зямлі — неад’емная частка твайго жыцця, больш таго, сутнасць быцця на гэтым свеце.

Усё, што звязана з роднымі палеткамі, і ёсць сэнс жыцця для выконваючага абавязкі галоўнага агранома ААТ «Агра-Калядзічы» Сяргея Усіка.

Напрыклад, выконваючы абавязкі галоўнага агранома ААТ «Агра-Калядзічы» Сяргей Усік, які звязаны з сельскай гаспадаркай з 1991 года. Ураджэнец в. Навасёлкі Сухопальскага сельсавета марыў пасля сканчэння Мураўскай сярэдняй школы паступіць у ваеннае вучылішча, але развал СССР памяняў усе планы. Таму завочна скончыў тады яшчэ Пружанскі тэхнікум па спецыяльнасці «Аграномія», а калі ўжо працаваў, павысіў свае веды па абранай прафесіі ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце.

Чаму менавіта сельская гаспадарка? Можа, таму, што і маці Соф’я Пятроўна, і бацька Мікалай Паўлавіч таксама доўгі час працавалі на зямлі. Ды і сам жа вясковы, з маленства ўдыхаў гаючы пах раллі, бачыў, як з зямлі па вясне падымаюцца кволыя расткі будучага ўраджаю, а затым на палеткі выходзяць камбайны, каб забяспечыць краіну духмянымі булкамі.

Механізатар Аляксандр Басак і выконваючы абавязкі галоўнага агранома Сяргей Усік дэманструюць ураджай цукровых буракоў.

Працоўны стаж пачаў зарабляць у тагачасным калгасе імя Калініна (цяперашняе ААТ «Мурава»). Пасля лёс распарадзіўся інакш, ужо многа гадоў працуе ў ААТ «Агра-Калядзічы», дзе апошнія два гады выконвае абавязкі галоўнага агранома. Сумленна выконвае, працуе як для сябе, што вельмі важна, хварэе душой за сваю справу. Які шчыры працаўнік, такі сапраўдны муж і бацька. Разам з жонкай Наталляй Аляксандраўнай паставілі на ногі, зразумела, выхавалі людзьмі дачку Кацярыну, сыноў Міхаіла і Івана. А гэта таксама патрабуе многа сіл і часу, якога, асабліва падчас пасяўной і ўборачнай кампаній, так не хапае ў Сяргея Усіка.

Галоўны аграном ААТ «Агра-Калядзічы» Сяргей Усік, дырэктар гаспадаркі Сяргей Субота, вадзіцель Яўген Зеляняк і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі сельгаставарыства Святлана Ляўковіч на рапсавым палетку каля в. Сілічы.

І не скардзіцца на жыццё і працоўны лёс, дзякуй Богу, пражыў на роднай зямлі ўжо пяцьдзясят гадоў і добрага бачыў намнога больш, чым дрэннага. Дарэчы, з гэтай нагоды юбілею жадаем Сяргею Мікалаевічу яшчэ доўгіх і шчаслівых гадоў жыцця, моцнага здароўя, спакою на душы, заўсёды заставацца такім усмешлівым і прыветным чалавекам, каб радавалі яго дружныя ўсходы на палетках і багатыя ўраджаі. Вось і Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт пацвердзіў сёлета дыпломам за І месца, што Сяргей Усік не прагадаў з выбарам прафесіі, апынуўся ў свой час на сваім месцы. Дасягнуў у вобласці высокіх паказчыкаў на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур у 2024 годзе сярод галоўных аграномаў сельскагаспадарчых і іншых арганізацый (іх філіялаў). Яшчэ нагода сесці з роднымі за святочны стол і сказаць сабе: маю запал у душы, таму рукі не апускаю, а з яшчэ большым імпэтам іду да новых перамог.

Праца на зямлі — мірная справа, але яна, як ніякая іншая, патрабуе да сябе пільнай і штодзённай увагі. Гэта добра разумее Сяргей Усік, чаго жадаем і ўсім астатнім сельскім працаўнікам.

Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік