Сістэма мясцовага самакіравання ў Шчарчоўскім сельсавеце прадстаўлена Саветам дэпутатаў, у склад якога сёлета ўваходзіць 11 чалавек. На карысць лю-дзей працуе і 6 энергічных, мэтанакіраваных, ініцыятыўных старастаў. Аднаму з іх – старасце вёскі Ганчары Аляксандру Максімавічу Краўчуку – нядаўна споўнілася 90 гадоў. З юбілеем паважанага чалавека ўрачыста віншавалі родныя, калегі і сябры. Не засталіся ўбаку і прадстаўнікі мясцовай улады.
Старшыня сельвыканкама В.М.Ванека падкрэсліў, што Аляксандр Максімавіч, нягледзячы на свой сталы ўзрост, заўсёды знаходзіцца ў эпіцэнтры вясковых падзей і імкнецца вырашаць усе пытанні, з якімі да яго звяртаюцца аднавяскоўцы.
— Дай Бог нам усім столькі пражыць у здароўі і зберагчы памяць. Гэты стараста ўсё ведае, усім цікавіцца: дзе, хто і колькі сее, які ў якой гаспадарцы ўра-джай. І на ўсё глядзіць з аптымізмам, — кажа Віктар Мікалаевіч.
Здавалася, адкуль той аптымізм, калі чалавек пражыў цяжкае жыццё. Падчас Вялікай Айчыннай вайны быў вывезены на прымусовыя работы ў Германію, пасля разам з бацькам перажыў двухтыднёвыя допыты ў органах НКУС, адкуль быў выпушчаны, толькі дзякуючы дзядзьку, які ваяваў у партызанскім атрадзе. Пасля школы і службы ў арміі вучыўся ў Баранавіцкім ПТВ на механізатара, працаваў трактарыстам на МТС у Грынявічах, а потым — у калгасе імя Кірава. На пенсію пайшоў начальнікам участка. І нават цяпер працуе на дабрабыт роднай вёскі.
Алена Зялевіч