Суббота, 15 марта 2025

Працуе на экспарт «Пружанскі завод радыёдэталяў»

779

ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў» лічыцца адным з буйных прамысловых экспарцёраў раёна. Аднак разам з тым прадпрыемства які год запар з’яўляецца безумоўным лідарам па аб’ёмах выпуску інавацыйнай прадукцыі.

Асноўны накірунак дзейнасці калектыву завода, які складаецца з 179 чалавек пад кіраўніцтвам дырэктара Андрэя Каласея, — выраб кабельных жгутоў і камплектуючых для аўтатрактарнай і бытавой тэхнікі. А гэта азначае, што частка працы пружанскага прадпрыемства ёсць у сучасных трактарах, камбайнах, кар’ернай і аўтобуснай тэхніцы. Многія беларусы ахвотна набываюць айчынныя пральныя машыны, электрыка якіх таксама сабрана з мясцовых вырабаў. Пры гэтым варта дадаць, што пераважная большасць найменняў прадукцыі (а іх больш за паўтысячы) робіцца па прынцыпе «поўнага цыкла». Іншымі словамі, завадчане распрацавалі адпаведную канструктарскую і тэхналагічную дакументацыю, наладзілі вытворчасць камплектуючых (ліццё, гальваніка) і рэалізуюць фінальную зборку.

Гатовую прадукцыю ААТ «ПЗР» пастаўляе на канвеерныя прадпрыемствы МТЗ, МАЗ, БелАЗ, «Гомсельмаш», «Атлант» і частку адпраўляе ў Расію. І трэба адзначыць, што попыт на прадукцыю завода радыёдэталяў толькі павялічваецца: за першае паўгодзе 2023 года адгружана амаль 6 мільёнаў адзінак вырабаў на агульную суму каля 7 мільёнаў рублёў. Кожны чацвёрты выраб з гэтага аб’ёму — інавацыйны.

Каб адпавядаць высокім патрабаванням, на вытворчасці ААТ «ПЗР» вядуцца перыядычныя прыёмныя выпрабаванні па ўкаранёных сістэмах менеджменту якасці — СТБ ISO 9001-2015 і СТБ 16949-2018.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік