Пятница, 14 февраля 2025

Працоўны жнівень 1944-га. Электрастанцыя

524

Калі ўзгадваем пра лёсы землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны, то ў першую чаргу імкнёмся расказаць пра тых, хто змагаўся з фашыстамі на фронце і ў партызанскіх атрадах, больш даведацца пра герояў. І неяк на другі план адыходзяць людзі, якім давялося аднаўляць разбураныя вайной Пружаны і вёскі раёна. А ўзнаўлялі многае літаральна з нуля.

Што мы ведаем пра іх? Часам вельмі мала. Гэта я зразумела, калі ўзяла ў рукі сціплую папку-хуткасшывальнік, на якой пазначана: «Пружанская электрастанцыя. Кніга загадаў за 1944 год».

У свой час пад рубрыкай «Гісторыя з фатаграфіяй» мы друкавалі фотаздымак Пружанскай электрастанцыі, датаваны 1933 годам. Згодна з успамінамі старажылаў, і «за польскім часам», і пры «першых Саветах», і падчас Вялікай Айчыннай вайны яна знаходзілася на цяперашняй вуліцы Камсамольскай (раней вуліца насіла назвы Будкевіча, Школьная). Знайшлася і пазнака «El-Werk» (электрастанцыя) на карце часоў нямецка-фашысцкай акупацыі — прыкладна на месцы гаспабудоў рэстарана «Пружаны».

16-17 ліпеня 1944-га ішлі жорсткія баі за наш горад. На вуліцах палалі пажары, выбухам знесла званіцу з Прачысценскай царквы. Жыхары Хваткі, Тармасава, Забродскай хаваліся ў выкапаных на агародах укрыццях і толькі хрысціліся, калі снарады «Кацюш» свісцелі, здавалася, над самымі галовамі.

Згарэлі і дамы побач з электрастанцыяй, а саму яе адыходзячыя нямецкія войскі ўзарвалі. Горад застаўся без электраэнергіі. Але ўжо на наступны дзень пасля вызвалення, 18 ліпеня, быў сфарміраваны штат работнікаў, адказных за аднаўленне электрастанцыі.

Сфарміраваны – гучна сказана. Застаўся працаваць той жа невялікі калектыў, што і падчас вайны (а частка работнікаў, дарэчы, прыйшла сюды яшчэ ў даваенны перыяд). Запісы ў кнізе загадаў сведчаць, што спецыялістаў падобнага профілю ў Пружанах было небагата. Інакш чаму ў спісах, пададзеных на адтэрміноўку прызыву ваеннаабавязаных, прозвішчы электрамеханікаў і манцёраў стаялі нароўні з прозвішчам старшыні гарсавета?

Але гэта мы ўжо забягаем наперад. Давайце паглядзім спачатку, для каго жнівень 1944-га стаў сапраўды гарачым працоўным месяцам.

Загадчыкам (дырэктарам) электрастанцыі быў прызначаны Іван Фаміч Самуйліковіч. З паслужнога спіса даведваемся, што ён – карэнны тутэйшы жыхар, нарадзіўся ў 1894 годзе, беларус, скончыў гарадское вучылішча ў 1911-м, паштова-тэлеграфную школу ў Гродне ў 1922-м. Да вайны быў дырэктарам пружанскай электрастанцыі. Падчас акупацыі працаваў тут жа старшым механікам.


Пошук у інтэрнэце прывёў да нечаканай знаходкі.

Згодна з дакументамі з кнігі загадаў, старшы электраманцёр Сяргей Самуйліковіч, сын Івана Фаміча, у снежні 1944 года быў арыштаваны. Яму было прад‘яўлена абвінавачванне ў супрацоўніцтве з акупантамі. Як аказалася, Сяргей Іванавіч быў асуджаны на 10 гадоў лагераў, адбываў пакаранне ў Краснаярскім краі. Вызвалены ў 1952 годзе (а пазней рэабілітаваны). Працаваў у Нарыльску, дзе прайшоў шлях ад энергетыка да начальніка ўпраўлення будмеханізацыі, і Ленінградзе, дзе займаў пасаду начальніка Ленінградскага ўчастка спецэлектрамантажнага ўпраўлення Цэнтракадэмбуда АН СССР. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны». Самае незвычайнае, што ўраджэнец Пружан з‘яўляўся вядомым ленінградскім філакартыстам – калекцыянерам паштовак — і папулярызатарам гэтага віду збіральніцтва. Вёў вялікую пошукавую работу. За выставу паштовак «Памяць пра вайну» ўдастоены бронзавага медаля ВДНГ СССР.


Брат Івана Самуйліковіча Фёдар Фаміч быў прыняты на працу механікам, сын Сяргей – старшым электраманцёрам. Таксама электраманцёрамі працавалі Станіслаў Міхайлавіч Віткевіч, Эдуард Адольфавіч Віткевіч, Антон Іванавіч Сагайчук, бацька і сын Франц Сямёнавіч і Станіслаў Францавіч Міклашэвічы, Іван Мяфодзьевіч Бялецкі, машыністамі – Павел Марцінавіч Задарноўскі і Яўстафій Фёдаравіч Берднік. Людміла Афанасьеўна Сімановіч засталася на пасадзе бухгалтара. Акрамя іх, у штат уваходзілі вартаўнік Павел Архіпавіч Зарэцкі і прыбіральшчыца Марыя Якаўлеўна Сідарчук.


Першым, хто быў прыняты на работу Іванам Самуйліковічам ў жніўні 1944 года, з‘яўляўся Лявон Майстар. Чалавек легендарнага і трагічнага лёсу. Ураджэнец Шарашэва, у гады вайны ён з сям‘ёй быў вывезены ў пружанскае гета. Жонка і двое маленькіх дзяцей былі расстраляны фашыстамі, а Лявону Саламонавічу ўдалося збегчы, ён трапіў у партызанскі атрад. Добры слесар і механік, займаўся тут рамонтам зброі. Залатыя рукі Майстара спатрэбіліся і пры аднаўленні электрастанцыі.


Пружанская раённая газета «Красное Знамя» ў №1 за 18 жніўня 1944 года пісала: «Жыццё аднаўляецца. Адступаючы пад ударамі Чырвонай арміі, фашысцкія пагромшчыкі спалілі 6814 пабудоў, 17 школ, 2 бальніцы, 6 клубаў, царкву, хлебазавод. Поўнасцю разбурылі электрастанцыю, маслазавод, газазаводы і інш. З усёй энергіяй працуе калектыў рабочых электрастанцыі над яе ўзнаўленнем, і хутка горад зноў атрымае святло».


Нягледзячы на просьбы аб адтэрміноўцы, шэраг работнікаў электрастанцыі атрымалі павесткі з ваенкамата. Першымі на вайсковую службу, літаральна праз тыдзень пасля вызвалення Пружан, пайшлі Франц і Сцяпан Міклашэвічы, Іван Бялецкі, за імі, ужо ў верасні, Эдуард Віткевіч і Яўстафій Берднік.

На змену спецыялістам, якія апранулі салдацкія шынялі, прыйшлі новыя людзі: машыністамі прыняты былы партызан Лявон Саламонавіч Майстар і Георгій Іванавіч Новік, электраманцёрам – Мікалай Сямёнавіч Барысюк з вёскі Якавічы (праз няпоўныя два месяцы і ён быў прызваны ў армію).

Часовыя рамкі былі вельмі сціслыя, але і «першым», і «другім» саставам работнікаў зроблена было вельмі шмат.


14 верасня газета «Красное Знамя» рапартавала: «Часовая электрастанцыя адноўлена. І ўжо некалькі дзён горад атрымлівае святло. Адначасова работнікамі электрастанцыі робіцца адпаведная падрыхтоўка для будаўніцтва новай электрастанцыі, якая забяспечыць насельніцтва горада і мясцовую прамысловасць патрэбнай колькасцю электраэнергіі».


Да «патрэбнай» колькасці было яшчэ ох, як далёка. Звыклым асвятленнем гарадскіх дамоў на працяглы час сталі «капцілкі» – слоікі з тлушчам, у які змяшчаўся кнот. З такімі ж самаробнымі свяцільнямі сядзелі дзеці ў школьных класах. Крыху пазней даступнымі сталі газавыя лямпы, якія давалі больш святла. Электрычнасць размяркоўвалася, як вялікая каштоўнасць, прадпрыемствам, вытворчасцям, вайсковым часцям.


Жылыя дамы паступова падключалі таксама, згодна вось такіх заяў: «Ад Альховіка Аляксандра Фёдаравіча. Прашу дырэктара электрастанцыі распараджэння аб уводзе электрычнага асвятлення ў маю кватэру, размешчаную ў Пружане па вул. Забродскай, №14».


І рэзалюцыя на ёй – дазволена падключыць дзве лямпы ў 40 ват.

Не намнога ярчэй за газавую лямпу, вам не здаецца? Ды толькі людзі ўмелі радавацца і такім, на цяперашні погляд, дробязям: кожная электралямпачка станавілася крокам да мірнага жыцця, прагрэсу, аднаўлення…

І ўсё ж самаадданая праца патрабавала матэрыяльных рэсурсаў, а іх было няшмат. Нават дакументы ў гэтай першай кнізе загадаў пісаліся на адваротным баку даваенных шпалер, нейкіх бланкаў на польскай і нямецкай мовах, кавалачках афішнай і абгортачнай паперы. Лічылі кожную капейку.


«Акт інвентарызацыі тавара-матэрыяльных каштоўнасцяў Пружанскай электрастанцыі:
-слупы – 450 штук, старыя, 70% зносу,
-крукі з ізалятарамі – 2000 шт.,
-провад медны – 4000 кг, 10% зносу,
-провад жалезны – 500 кг, 10% зносу,
-бочкі жалезныя, 500 л – 20 шт., 40% зносу,
-рэзервуары для нафты – 2 шт. 8500 л, 50% зносу,
-бормашына сценавая – 1 шт., 40% зносу»…


Шэраг дакументаў у хуткасшывальніку складае перапіска з даўжнікамі за электрычнасць, напаміны пра аплату.


Сустрэлася нават вось такая кур‘ёзная запіска. «Вяртаючы рахунак №436 ад 20.10.44 г. паведамляю, што электрасвятло ў пракуратуру вамі да гэтага часу не праведзена. Ніякага святла ў мяне не запальвалася, таму ваш рахунак аплачвацца не будзе. Прапаную, прышліце манцёра для ўстанаўлення святла. Пракурор Пружанскага раёна».

А вось пісьмо Івана Самуйліковіча начальніку гарнізона г.Пружаны: «Прашу вашага ўздзеяння на вайсковыя часці і афіцэрскі састаў, якія свавольна павялічваюць дазволеную норму электраэнергіі або самавольна падключаюцца да электрычнай сеткі, чым перагружаюць электрастанцыю і зрываюць нармальную і бесперабойную работу». Аказваецца, для перагрузкі электрастанцыі дастаткова было замяніць лямпачкі ў 25 ват на «саракоўкі», ужо не кажучы пра «шасцідзясяткі»…

Або такі дакумент ад 21 снежня 1944 года. «Тав. Ваўжынскаму, г.Пружаны, вул. Разкі. Электрастанцыя г.Пружаны паведамляе, што знойдзены ў вас электрычны прас застанецца ў электрастанцыі да часу яе пашырэння. Вы зможаце атрымаць прас ва ўласнае карыстанне пры падачы гэтага паведамлення».

І распіска на адваротным баку: «Прас з электрастанцыі атрымаў 5 лютага 1945 года».


Дарэчы, падчас знаёмства з кнігай загадаў я задавала сабе пытанне: чаму работнікам электрастанцыі, якія працавалі тут падчас акупацыі, далі магчымасць застацца на сваіх месцах? Адказ на яго бачыцца адзіны: людзі былі звязаны з партызанамі. Але ні пацвердзіць, ні абвергнуць гэтую выснову пакуль немагчыма.


Захацелася больш падрабязна даведацца пра першага кіраўніка электрагаспадаркі раёна, але, на жаль, зрабіць гэта на цяперашнім этапе аказалася немагчымым. Дакументы аб яго працоўным шляху ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама за тэрмінам даўнасці не захаваліся. Адзінае, што вядома: ён заканчваў сваю працу галоўным інжынерам электрасетак. Пошук фотаздымкаў таксама пакуль не ўвянчаўся поспехам.

Застаўся толькі сціплы помнік на гарадскіх могілках, на якім гады жыцця Івана Фаміча Самуйліковіча акрэсліваюць даты: 29.12.1894-25.07.1981.


Падрыхтавала Ірына Сядова. Фота з архіву рэдакцыі