Воскресенье, 20 апреля 2025

Працаўнікоў аграрнага комплексу віншавалі і ўзнагароджвалі ў Пружанах (+многа фота і відэа)

707

У мінулую суботу ў Палацы культуры гучалі цудоўныя мілагучныя песні, выконваліся неверагодна прыгожыя танцы, гучалі дружныя апладысменты. Так на Пружаншчыне адзначалі Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.

Чым славіцца Беларусь? Неабсяжнымі лясамі, чыстым паветрам, шматлікімі сінімі азёрамі, бусламі, якія лунаюць у небе, пяшчотнымі васількамі, бяскрайнімі палеткамі. І, канечне, людзьмі, гасціннымі, шчодрымі, душэўнымі і працавітымі. Не выключэнне і Пружаншчына. Толькі ў сельскай гаспадарцы колькі такіх працуе! А яшчэ не забываем і пра перапрацоўчую прамысловасць, дзе шчыруюць таксама адданыя сваёй справе людзі. Дык чаму ж і не ўславіць такіх працаўнікоў, не сказаць ім велізарны дзякуй за работу, цяжкую, але такую патрэбную ўсім беларусам. І падзякавалі, і кветак надарылі.

Адметна, што сёлета перад Палацам культуры была арганізавана выстава сельскагаспадарчай тэхнікі, якая ўвасабляла магутнасць нашай краіны, моц народа беларускага. Было многа жадаючых сфатаграфавацца з энерганасычанымі трактарамі, новымі МАЗамі, дазвалялася і пасядзець у кабіне, пакруціць баранку, уявіць сябе на месцы тых, хто ўзворвае глебу, сее зерне, возіць грузы.

Гасцей перад уваходам сустракалі песнямі пра Беларусь, яе краявіды, працавіты народ краіны сінявокай. А ўнутры таксама ўсіх гасцей чакаў сюрпрыз — проста цудоўныя караваі і жытнія снапы з новага ўраджаю ад сельскагаспадарчых арганізацый, з якіх трэба было выбраць самыя адметныя.

У вялікай зале адбылося галоўнае дзейства — ушанаванне работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

У Беларусі ёсць добрая традыцыя — уручаць каравай падчас правядзення святаў у знак павагі да чалавека, яго працоўных дасягненняў. А на дадзеным мерапрыемстве і сам Бог распарадзіўся зрабіць гэта. Вельмі прыгожы каравай быў уручаны старшыні Пружанскага райвыканкама Міхаілу Грышкевічу — гаспадару раёна, які ўсё павінен бачыць і кантраляваць, думаць маштабна, перажываць за кожнага і за ўсіх.

— Прыміце шчырыя віншаванні з нагоды прафесійнага свята. Яно мае велізарнае значэнне для кожнага беларуса, бо сельская гаспадарка — не проста від дзейнасці, гэта лад жыцця, які патрабуе поўнай самааддачы. Усе вы — працаўнікі і ветэраны сельгасвытворчасці — і ёсць тая апора, дзякуючы якой наша краіна з’яўляецца магутнай аграрнай дзяржавай.

Дзякуй вам за шчырую працу, такую неабходную і стваральную, за ваш прафесіяналізм і любоў да зямлі. Ад усёй душы жадаю здароўя, дабрабыту і працвітання! — словы, сказаныя Міхаілам Міхайлавічам у адрас усіх, хто сумленна сее, косіць, жне, перапрацоўвае.

Дырэктар холдынга «Канцэрн Брэстмясамалпрам» Аляксей Сцепановіч зачытаў прысутным віншаванне з нагоды свята ад імя старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Пятра Пархомчыка. А ад сябе дадаў, што, нягледзячы на адносна невялікую плошчу нашай дзяржавы, па многіх паказчыках мы наперадзе планеты ўсёй, бо працуем на аддачу, якасна, каб не было сорамна за сваю прадукцыю.

За гонар жыць у такой прыгожай краіне, мець зносіны з такімі працавітымі людзьмі. Ніхто не аспрэчыць такія словы старшыні раённага Савета дэпутатаў Мікалая Кудраўца. Сапраўды, спакойна працаваць, выхоўваць дзяцей — дарагога каштуе. Радуйцеся жыццю і надалей услаўляйце працу хлебароба — наказ ад Мікалая Пятровіча.

У нашай краіне вельмі многа робіцца для развіцця сельскай гаспадаркі: удасканальваецца тэхніка, тэхналогія ўзроблівання зямлі, чалавек на вёсцы нічым не пакрыўджаны, мае ўсе выгоды для паўнавартаснага жыцця, тую ж годную заработную плату. І надалей дзяржава будзе клапаціцца пра шчырага і адказнага работніка, які поўнасцю аддае сябе працы, не баіцца запэцкаць рукі, жыве сваёй роднай зямлёй. Вельмі праўдзіва сказаў першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Глушко.

Ад душы жадаў усяго самага найлепшага і старшыня Пружанскага раённага аграпрамысловага саюза, дырэктар ААТ «Велікасельскае Агра» Васіль Севасцьянчык. Дзякаваў за нялёгкую працу на зямлі, разуменне ненармаванага рабочага дня, цярпенне і сумленнае стаўленне да сваіх абавязкаў.

Старшыня раённага прафсаюза работнікаў АПК Вольга Зубкова падкрэсліла, што з такімі працавітымі людзьмі можна смела ісці наперад, вырашаць самыя сур’ёзныя задачы, быць упэўненым у заўтрашнім дні. Канечне, жадала спакою на душы, каб сэрца спявала кожны дзень!

А ўжо колькі было грамат, падзяк і грашовых прэмій, то і не пералічыць! Дзясяткамі падымаліся людзі на сцэну, ім ціснулі рукі, гаварылі ў іх адрас шчырыя словы, дзякавалі за сумленную працу. Сапраўды, будзь проста працавітым чалавекам — і ўзнагарода знойдзе цябе, ты будзеш прыкладам для іншых, табой будуць ганарыцца.

А цяпер вернемся да конкурсу снапоў і караваяў. Самы прыгожы сноп звязалі ў ААТ «Мурава», на другім месцы размясцілася ААТ «Агра-Калядзічы», а на трэцім — ААТ «Ліноўскае».

Каравай спячы — гэта яшчэ тая справа, якой у дасканаласці валодаюць у ААТ «Ружаны-Агра», якое і заняло першую прыступку п’едэстала. Серабро — у ААТ «Жураўлінае», бронзавы прызёр — ААТ «Шані-аграпрадукт».

А яшчэ вельмі шыкоўны букет кветак ад старшыні райвыканкама Міхаіла Грышкевіча быў прэзентаваны ўсім, хто сваімі песнямі і танцамі прымушаў удзельнікаў мерапрыемства падпяваць і падтанцоўваць. У любой справе ўсяго павінна быць у меру: тут добра папрацаваў, а там нядрэнна паспяваў. З песняй жа і танцамі і рабіць весялей.

Свята прайшло, наступілі звычайныя будні, якія паклікалі на комплексы і фермы, на палеткі, у кабінеты і лабараторыі, за станкі і ў цэхі. Для таго і жывём, каб быць годнымі грамадзянінамі сваёй краіны, сумленна працаваць, бачыць толькі пазітыў наперадзе. І нас такіх беларусаў вельмі многа!

Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік

Глядзець фотаальбомы: https://vk.com/album-23306785_304943487 і https://ok.ru/budni/album/985267001736