Четверг, 12 марта 2026

Працай жывём і ўраджай даём

713

На што можна глядзець бясконца? На тое, як гарыць агонь, павольна цячэ празрыстая вада, плывуць па блакітным небе аблокі. Гэта ўсё зразумела. Але сюды вельмі хацелася б далучыць нашы бяскрайнія палеткі, калі на іх падымаюцца першыя кволыя ўсходы, неймаверна прыгожа цвіце лён. А як заварожваюць плошчы збожжавых з ужо налітым коласам! Проста беларускае залатое мора, якое губляецца ў далечыні, недзе там, каля самага лесу, які ледзь бачны воку. А калі пачынаецца ўборка?! Ці ж не падобны камбайны на караблі, што павольна плывуць па палетку, збіраючы па зярнятку новы ўраджай, тым самым, папаўняючы жытнюю скарбонку краіны?!

Гэтую прыгажосць можна з упэўненасцю назваць адным з брэндаў Беларусі, бо людзі з задавальненнем спыняюцца на абочынах дарог і фатаграфуюць паспелыя палеткі, каб потым разаслаць здымкі сваім знаёмым і родным. І, канечне, як і кожны год не змаглі ўсядзець на месцы і карэспандэнты «раёнкі», ды яшчэ ж і ўборка азімага ячменю на мінулым тыдні пачалася. Дзень добры, філіял «Айчына» ААТ «Белавежскі»!


Калі дадаць да сказанага крыху лічбаў, то ў нашым раёне пад гэтую сельгаскультуру было адведзена 3812 га. На панядзелак бягучага тыдня нашы аграрыі перайшлі экватар — 57%, намалацілі 9452 тоны зерня. Некаторыя гаспадаркі ўжо і зжалі азімы ячмень — ААТ «Роўбіцкае», «Пружанскі райаграсэрвіс» і «Пружанскае». Ураджайнасць пакуль складае 43,5 ц/га (у мінулым годзе на 07 ліпеня — 50,6 ц/га). Але вінаваціць нашых хлебаробаў ні ў якім выпадку нельга, бо ўсе паспыталі на сабе капрызы прыроды, у такіх умовах складана дамагчыся высокага рэзультату.


У філіяла «Айчына» на ўзгаданую дату — 26,3% убраных плошчаў. Але і памер іх немалы — 800 га, другое месца пасля ААТ «Жураўлінае» (1000 га). На дадзены момант ураджайнасць — 44,5 ц/га.
На палетку каля в. Задвараны было задзейнічана 9 збожжаўборачных камбайнаў холдынгу «Гомсельмаш», якія даўно зарэкамендавалі сябе як тэхніка надзейная, працуе практычна без страт ураджаю, што з’яўляецца важным элементам ва ўборцы. На адвозцы — тры аўтамабілі «МАЗ». Усё паспяваецца, бо робіцца з толкам і расстаноўкай. Што да выкарыстання азімага ячменю, то ён, багаты пажыўнымі рэчывамі, у гаспадарцы будзе выкарыстаны ў якасці корму буйной рагатай жывёлы.

Падчас уборкі ў філіяле пастаянна на палетках знаходзяцца спецыялісты, каб выключыць непрадбачаныя сітуацыі, калі патрэбна, дапамагчы парадай, аператыўна вырашыць пастаўленыя кіраўніцтвам сельгаставарыства новыя задачы. Канечне, прадказаць на 100% тое ж надвор’е немагчыма, але, калі разам, працуецца весялей, сам хвалюешся за рэзультат і за цябе перажываюць, каб усё атрымалася на выдатна.

І тут хочацца правесці паралель. Адным усё жыццё нечага не хапае, усім не задаволены, хаця і на курорты ездзяць, і грошай поўныя кішэні. А іншыя шчаслівыя нават ад таго, што маюць працу, здаровыя дзеткі, жывецца ў дастатку, спакойна на роднай зямлі. І дзякуй Богу, што апошніх у Беларусі намнога больш.

На здымках

  1. Аддзяленне «Смаляны». Начальнік цэха раслінаводства Алена Бычкоўская заўсёды на сувязі, а аграхімік Юлія Астанкава трымае на кантролі вільготнасць новага ўраджаю.
  2. Ужо 15-ая па ліку ўборка вадзіцелем у Дзяніса Мартынюка, і ён задаволены ўсім, бо не толькі спажывальнік, але і вытворца дабрабыту сваёй краіны.
  3. Трэці сезон старшы камбайнер Максім Покала і камбайнер Дзяніс Покала шчыруюць на збожжаўборачным камбайне. Родныя браты і разумеюць адзін аднаго без слоў, і работу выконваюць сумленна.

Фота Руслана Басака

Вадзім Раўнейка