Понедельник, 28 апреля 2025

Працаўнікоў палёў і ферм ушаноўвалі ў Пружанах (+многа фота і відэа)

651

Перадсвяточнае ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, прайшло ў суботу 11 лістапада, у Пружанах.

У вялікай зале гарадскога Палаца культуры сабраліся працаўнікі палёў і ферм, кіраўнікі акцыянерных таварыстваў сельскай гаспадаркі, прадпрыемстваў і арганізацый раёна, шматлікія госці.

Пасля харэаграфічнай кампазіцыі з імправізаваным жытнёвым снапом вядучыя запрасілі на сцэну кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. Ім былі ўручаны духмяныя караваі.

Самы галоўны каравай прыпаднесены кіраўніку раёна Міхаілу Грышкевічу, які затым выступіў са святочнай прамовай.

Звяртаючыся да сабраўшыхся ў зале, Міхаіл Міхайлавіч павіншаваў усіх з наступаючым святам, выказаў падзяку працаўнікам сельскай гаспадаркі за важную і вельмі патрэбную працу.

«Не пакладаючы рук, пры любых умовах надвор’я, вы дабіваецеся высокіх вынікаў і ўсталёўваеце свае асабістыя рэкорды, — зазначыў Міхаіл Грышкевіч. — Ваша праца заслугоўвае асаблівай павагі, ад вынікаў яе залежыць жыццёвы ўзровень, здароўе і дабрабыт нашых землякоў. З кожным годам аграпрамысловы комплекс Пружанскага раёна дабіваецца новых уражлівых вынікаў. Таму ўсе ўзнагароды, добрыя словы — для вас, працаўнікі палёў і ферм.

Гэты год не быў лёгкім для аграрыяў, ды лёгка ў сельскай гаспадарцы не бывае ніколі. Сёлета нас выпрабавалі веснавыя замаразкі, перыяд засухі і праліўныя дажджы. Адразу ж адзначу, што там, дзе былі выкананы тэхналогіі, вынік атрымаўся добры.

Высокія дасягненні ў асноўным складаюцца з двух складальнікаў: першы з іх, зразумела, — людзі, іх прафесіяналізм, зацікаўленасць кожнага работніка ў канчатковым выніку, другі складальнік — дакладная арганізацыя работы, захаванне тэхналогій. Відавочна, што ўсё гэта ў нас ёсць».

Міхаіл Міхайлавіч назваў лічбы валавога намалоту зерня, а ён склаў 154 тыс. тон пры сярэдняй ураджайнасці 45 цэнтнераў з гектара. Нагадаў, што ў абласным спаборніцтве Пружанскі раён заняў ганаровае трэцяе месца.Старшыня райвыканкама расказаў аб папаўненні парку сельскагаспадарчай тэхнікі, аб колькасці экіпажаў тысячнікаў, двух- і трохтысячнікаў. Але ў першую чаргу старшыня райвыканкама казаў пра людзей, іх працавітасць, акрэсліваў задачы на перспектыву.

Шэраг працаўнікоў сяла атрымалі ад старшыні райвыканкама узнагароды — Ганаровыя граматы і Падзячныя пісьмы. У цырымоніі ўзнагароджання работнікаў сельскай гаспадаркі таксама ўдзельнічалі старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, першы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Глушко, старшыня Пружанскага раённага аграпрамысловага саюза, дырэктар ААТ «Мурава» Пётр Білецкі, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Зубкова.

Паміж блокамі ўзнагароджанняў сваю музычную творчасць дарылі майстры мастацтваў Пружаншчыны.

У завяршэнне святочнага мерапрыемства адбыўся канцэрт групы з Мінска «Бацька атаман». Пасля казацкіх песень, танцаў, майстэрскага валодання шашкай, казацкімі нагайкамі, настрой ва ўсіх яшчэ больш палепшаў.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік

Многа фотаздымкаў глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_299143958 і https://ok.ru/budni/album/970680117640