
Што можа быць прыгажэй за беларускія краявіды! Імі можна любавацца бясконца, але па вясне, калі абуджаецца прырода, усё навокал удвая радуе вока. Вось едзеш па лясной дарозе, а паабапал яе стаяць беластволыя бярозкі, пушыстыя елачкі, гонкія сосны, выводзяць трэлі птушкі, уздоўж нясе свае светлыя воды рачулка. А выехаўшы з лесу, твайму погляду адкрываюцца неабсяжныя роўныя палеткі. Непаўторная прыгажосць роднай Беларусі! Вось так і думалася, калі ехалі рабіць рэпартаж на месца, дзе працаўнікі ААТ «Агра-Калядзічы» былі заняты вясенне-палявымі работамі.

А цяпер ад лірыкі плаўна пяройдзем да працоўных будняў нашых аграрыяў. Ім цяпер галоўнае — паспець са сваёй непасрэднай работай. У нашым раёне, як па ўсёй краіне ў цэлым, штогод сельскія працаўнікі займаюцца справай сваіх дзядоў і прадзедаў — сеюць, даюць жыццё зярняткам. Мірная і стваральная праца.

Вось, напрыклад, цяпер паступова гаспадаркі прыступаюць да сяўбы шматгадовых траў. Усяго нам трэба пакласці ў зямлю травяное насенне на плошчы ў 5000 га, у тым ліку бабовых і бабова-злакавых на 4000 га. Як вядома, асноўным спосабам паляпшэння слабых лугапашавых угоддзяў з’яўляецца іх перазалужванне — работа, якая напрамую ўплывае на якасць кармоў. Сельгаставарыствам Пружаншчыны гэтую работу патрэбна выканаць на 4200 га.
Аднымі з першых пачалі сеяць шматгадовыя травы ў ААТ «Агра-Калядзічы». План гаспадаркі — 425 га, што да перазалужвання, то лічба наступная — 280 га. Акрамя гэтага, сельгаставарыствам запланавана пасеяць траву на насенне на 50 га, якое ў будучым складзе стабілізацыйны фонд гаспадаркі, а частку прададуць. Насенны матэрыял будуць збіраць з такіх культур, як «цімафееўка лугавая» і «аўсяніца трысняговая», якія пароўну падзялілі агульную плошчу.

На палетку ў 90 га за вёскай Залескі Бор на мінулым тыдні высявалася для кармоў травасумесь свайго прыгатавання. Для работы задзейнічаны магутны трактар «FENDT» з сеялкай «AMAZONE». Тэхніка аснашчана камп’ютарам, які пільна сочыць за нормай і плошчай высеву. А калі ўзяць пад увагу, што ўсім кіруе вопытны і адказны механізатар Віктар Чэрнік, то сумнявацца ў якасці работы не даводзіцца.
Як расказаў аграном гаспадаркі Вадзім Ляўчук, насенне кладзецца на глыбіню 1,5-2 см. Пасля чаго абавязкова будзе праведзена прыкатванне, каб захаваць аптымальную колькасць вільгаці і запячатаць яе пад тоўшчай грунту.

І… застаецца чакаць, спадзявацца, што нялёгкая праца прынясе радасць ад дружных усходаў. Спраўдзіць усе спадзяванні на закладку будучай кармавой базы. Надасць упэўненасці ў тым, што робіш вялікую справу, хоць і зусім не лёгкую.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік