Мой дом — мая крэпасць. Правільнае выказванне. Але часам здараецца так, што, каб трапіць у сваю кватэру, патрэбна быць вельмі асцярожным, бо на галаву можа зваліцца важкі кавалак казырка над пад’ездам. З такой непрыемнай сітуацыяй сутыкнуліся жыхары дома № 79 па вуліцы Касцякова. І праблема, як упэўніліся карэспандэнты «раёнкі», не надуманая.

Казырок ахоплівае два бакі двухпавярхоўкі. З аднаго некалі паставілі тры металічныя падпоркі, але на дадзены момант яны не гарантуюць бяспеку людзям. З другога адвальваюцца цэментныя кавалкі.

Згодна з дакументамі, якія паказала карэспандэнтам жыхарка небяспечнага пад’езда, пытанне рамонту злашчаснага казырка сваімі каранямі ўваходзіць аж у далёкі 2010 год. Немалы тэрмін для таго, каб усё ж такі зрабіць спакойным людское жыццё. Дык ці ёсць выйсце з гэтай сітуацыі або чалавек і надалей пры ўваходзе ў кватэру будзе глядзець не пад ногі, а ўверх?

З любой бязвыхаднай сітуацыі заўсёды ёсць адзін выхад. Знайшоўся ён і тут. Як паведаміла начальнік цэха жыллёвай гаспадаркі КУВП «Камунальнік» Алена Разанка, заява на рамонт казырка ад жыхароў дадзенага дома прынята. Выязджала камісія, усё дэталёва абследавалі. Як толькі па вясне ўсталюецца спрыяльнае надвор’е, па словах Алены Аляксандраўны, у бягучым годзе запланавана правесці адпаведныя работы з казырком і праблема з павесткі дня будзе знята.
Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік
