Некалькі тэлефанаванняў мы атрымалі з нагоды могілак каля в. Слабудка. Жыхарку горада хвалюе, што тэрыторыя, агароджаная плотам, ужо амаль запоўнена. А гараджанін Уладзімір Міхайлавіч Граб лічыць, што камунальныя службы не ўдзяляюць дастатковай увагі падкошванню травы паміж магіламі.
Мы папрасілі пракаментаваць звароты намесніка дырэктара КУВП «Камунальнік» Віталія Казлова. Як ён паведаміў, пытанне пашырэння могілак вырашаецца, але ў падрабязнасцях казаць пра гэта пакуль рана.

Што тычыцца догляду магіл, то Віталій Ігаравіч нагадаў, што, згодна з п. 39 пастановы Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь №17 ад 10.06.2016, за гэта адказваюць родныя і блізкія пахаваных (як гучыць у пункце пастановы, «асобы, якія ўзялі на сябе арганізацыю пахавання, устаноўкі надмагілля»). Да паняцця догляду адносіцца не толькі падтрыманне ў належным стане помніка, уборка смецця, але і прыбіранне расліннасці з участкаў для пахавання і праходаў паміж імі. Тычыцца гэта не толькі могілак у Слабудцы, але і ўсіх іншых.
А ў абавязак адміністрацыі могілак (г. зн., камунальных службаў) уваходзіць скошванне травы ў месцах грамадскага карыстання: уздоўж пешаходных дарожак, на аўтапаркоўках.
Журналісты пабывалі на могілках і ўпэўніліся, што пешаходныя сцежкі тут якраз у парадку, а вось праходы паміж магіламі ў шэрагу месцаў сапраўды знаходзяцца ў непрывабным стане: пасля апошніх дажджоў трава і бур‘ян буйна пайшлі ў рост. Так што самы час паклапаціцца пра месцы пахавання блізкіх лю-дзей.
Фота Кацярыны Масік